Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На жыхарку Новай Баравой завялі справу за сьцяг у вакне кватэры


Жыхарку мікрараёну Новая Баравая пад Менскам за бел-чырвона-белы сьцяг у вакне ейнай кватэры вінавацяць у правядзеньні пікету.

Маркетоляг адной з ІТ-кампаній Тацяна расказала Свабодзе, што яшчэ да выбараў ў жніўні вывесіла бел-чырвона-белы сьцяг у вакне сваёй кватэры. Тыдні два таму супрацоўнікі міліцыі пачалі «апэрацыю»: яны хадзілі вакол дамоў і перапісвалі кватэры, дзе вісяць сьцягі.

«Камусьці спрабавалі ўручыць позвы, але ў мяне ў паштовай скрыні нічога не было; аднойчы хтосьці званіў у кватэру, але я не адчыніла, — кажа Тацяна. — То бок ніхто мне позвы не ўручаў. Але некалькі дзён таму я атрымала SMS-паведамленьне, што маю справу перадалі ў суд. У той жа дзень я атрымала копію пратакола, у якой напісана, што за сьцяг у вакне на мяне заведзеная справа паводле ч. 1 артыкулу 23.34».

У пратаколе гаворыцца, што, вывесіўшы сьцяг у вакне сваёй кватэры, Тацяна «наўмысна правяла адзіночны пікет без адпаведнага дазволу Менскага райвыканкаму». Разглядаць справу будзе Менскі раённы суд 14 сьнежня. Тацяна кажа, што некаторыя суседзі ўжо атрымалі штраф, хтосьці чакае суду, а некаму ўжо прыслалі пратакол. Тацяна кажа, што сьцяг з вакна яна не прымала, ён вісіць вэртыкальна, за шыбай, унутры кватэры.

«Я маю павагу да гэтага гістарычнага сьцяга, і ён асацыюецца з маімі дзіцячымі ўспамінамі: калі я пайшла ў першую клясу, настаўніца апавядала нам легенду пра князя, які вёў войска. Для мяне гэта гісторыя, якая тлумачыла колер нашага дзяржаўнага сьцяга, — кажа Тацяна. — Цяпер ён для мяне — сымбаль свабоды, аднаўленьня, жаданьня іншай будучыні. У пэўным сэнсе гэта і нязгода з афіцыйнай пазыцыяй уладаў».

Тацяна кажа, што сьцяг у вакне яе кватэры — гэта ня вулічная акцыя, ня нейкае пікетаваньне.

«Гэтыя колеры мне падабаюцца таксама ў эстэтычным сэнсе. Я нікога не заклікаю да нечага, ніякіх лёзунгаў не выкрыкваю і не вывешваю. Для мяне гэта праява павагі да гістарычных дзяржаўных сымбаляў. Я лічу гэта толькі маёй пазыцыяй і нікога ні да чога не заклікаю».

Тацяна кажа, што ў таварыстве ўласьнікаў прасілі прыбраць бел-чырвона-белую сымболіку зь месцаў агульнага карыстаньня, каб пазьбегнуць штрафаў. Але што да асобных кватэраў, то з боку таварыства ніякіх просьбаў не было.

Як Тацяна ставіцца да распачатага ўладамі паляваньня на гістарычную сымболіку?

«Яны любымі спосабамі спрабуюць задушыць праявы вальнадумства і стварыць карцінку таго, што ў нас усё ў краіне так, як і было раней, — кажа Тацяна. — Сьцягі — гэта праява салідарнасьці з, хто пацярпеў. Улады таксама змагаюцца з гэтай салідарнасьцю. Але калі нават сьцягі зьнікнуць, то будзе нейкі іншы сымбаль салідарнасьці. Таму гэта марная праца, гэта тое ж самае, што змагацца зь ветракамі».

Паводле Тацяны, яе бацька, які дапамагаў з рамонтам, і сястра, якая жыве зь ёю, падтрымліваюць ейную пазыцыю.

«Усе мы лічым, што нічога злачыннага ў тым, што ў вакне вісіць бел-чырвона-белы сьцяг, няма, і нам няма чаго баяцца. У маці толькі ёсьць нейкі страх, што могуць пакараць. Але ўсе яны мяне падтрымліваюць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG