Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску на 2,5 года асудзілі мужчыну, які бараніў жанчыну ад затрыманьня


Аляксандар Кірыленка ў судзе
Аляксандар Кірыленка ў судзе

Аляксандар Кірыленка падчас шэсьця 6 верасьня ў Віцебску прыйшоў на дапамогу жанчыне, якую хацелі затрымаць. Кастрычніцкі раённы суд гораду прысудзіў праграмісту 2,5 года агульнага рэжыму, піша віцебская «Вясна».

Судзьдзя Іна Грабоўская прызнала 33-гадовага праграміста вінаватым у гвалце над супрацоўнікам органаў унутраных спраў (арт. 364 КК). Пракуратура прасіла для Кірыленкі 3 гады зьняволеньня.

Паводле абвінавачаньня, 6 верасьня падчас вулічнага шэсьця Аляксандар Кірыленка перашкодзіў дзейнасьці старшага прапаршчыка Юрыя Валейчанкі, міліцыянта патрульна-паставой службы.

Дзяржаўны пракурор абвінаваціў Кірыленку ў тым, што той «з помсты за выкананьне Валейчанкам службовых абавязкаў нанёс міліцыянту ня менш як два траўмуючыя ўзьдзеяньні ў вобласьць галавы і правай рукі, выбіўшы зь яе гумовы дручок».

Аляксандар Кірыленка прызнаў сябе вінаватым часткова, заявіўшы, што «ня меў матыву помсьціць супрацоўніку МУС».

Здарэньне адбылося каля дому № 43 на вуліцы Праўды ў Віцебску. Адна з удзельніц пратэставага маршу сарвала мэдычную маску з твару прапаршчыка Валейчанкі і адкінула яе ўбок. Той спрабаваў яе затрымаць, але за жанчыну ўступіўся Кірыленка, які адштурхнуў міліцыянта.

2 сьнежня таксама ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску асудзілі 46-гадовага рамесьніка Андрэя Цімафеенку. Судзьдзя Сьняжана Кіндзеева дала яму 2 гады калёніі агульнага рэжыму за «перашкоду дзейнасьці начальніка аддзяленьня ўнутраных войскаў Вараб’ёва і спробу справакаваць яго на прымяненьне фізычнай сілы».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG