Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі за два дні вынесьлі прынамсі 4 прысуды за супраціў ці абразу міліцыянтаў

абноўлена

Міліцыянты патрулююць вуліцу. Ілюстрацыйнае фота

Аднаго чалавека адправілі за краты ў Наваполацку, аднаго ў Віцебску і трох у Менску.

У Наваполацку 37-гадовага мужчыну за супраціў міліцыянту асудзілі на 1,5 году зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму. 13 верасьня падчас акцыі пратэсту ён у скачку ўдарыў міліцыянта нагой. Суд таксама пастанавіў спагнаць зь яго тысячу рублёў маральнай шкоды, паведаміла 2 сьнежня Генэральная пракуратура.

У Менску суд Ленінскага раёну пакараў пазбаўленьнем волі трох мужчын 27, 34 і 42 гадоў за «напад на міліцыянтаў і пашкоджаньне службовага аўтамабіля» каля плошчы Незалежнасьці. Двое фігурантаў справы атрымалі па 5 гадоў, трэці — 4 гады пазбаўленьня волі, паведаміла 1 сьнежня МУС. Маральную шкоду ў суме суд ацаніў у 15 тысяч рублёў.

25-гадовага менчука за абразу міліцыянта аштрафавалі на 1350 рублёў, паведаміла 2 сьнежня БелТА. Паводле сьледчых, ён дасылаў начальніку Савецкага раённага аддзела міліцыі і іншым міліцыянтам пагрозы з мабільнага тэлефона.

У Віцебску суд Кастрычніцкага раёна вынес вырак 46-гадоваму рамесьніку Андрэю Цімафеенку, абвінавачанаму ў гвалце над вайскоўцам з унутраных войскаў. Здарэньне, пасьля якога на мужчыну завялі крымінальную справу, адбылося на маршы пратэсту 6 верасьня. Мужчына, паводле боку абвінавачваньня, «перашкаджаў дзейнасьці начальніка аддзяленьня ўнутраных войскаў Вараб’ёва і спрабаваў справакаваць яго на прымяненьне фізычнай сілы», паведамляе Tut.by. Цімафеенка часткова прызнаў віну. Пракурор запатрабаваў для мужчыны 5 гадоў пазбаўленьня волі. Судзьдзя Сьняжана Кіндзеева пакарала яго 2 гадамі ў калёніі агульнага рэжыму.

Пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 9 жніўня супраць прадстаўнікоў сілавога блёку не заведзена ніводнай крымінальнай справы за гвалт у дачыненьні да мірных пратэстоўцаў. У той жа час колькасьць палітвязьняў дасягнула 145 чалавек, таксама агучана некалькі прысудаў па крымінальных справах у дачыненьні да ўдзельнікаў мітынгаў і шэсьцяў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG