Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыхара Горак зьняволілі на 1 год за надпіс на прыпынку: «Ён прайграў і стаў забіваць...»


Турэмная калёнія ў Горках Магілёўскай вобласьці.

Стэфану Лазовіку сьледчыя прапанавалі прызнацца ў тым, што гэта ён зрабіў надпіс, абяцалі, што абыдзецца штрафам. Ён пагадзіўся, але выйшла іначай.

Жыхар Горак Магілёўскай вобласці Стэфан Лазовік зрабіў надпіс на аўтобусным прыпынку. За гэта яго асудзілі на 1 год пазбаўленьня волі, паведамляе Праваабарончы цэнтар «Вясна», які сабраў дэталі крымінальнага перасьледу і суду.

27-гадовы рамесьнік Стэфан Лазовік быў незалежным назіральнікам на Горацкім выбарчым участку №2. Калі ў Беларусі пачаліся пратэсты супраць фальсыфікацыі выбараў, а сілавікі зьбівалі і катавалі затрыманых 9–11 жніўня, мужчына пакінуў надпіс на прыпынку: «Ён прайграў і стаў забіваць. …, сыходзь!»

Яго знайшлі міліцыянты, затрымалі, але першапачаткова Горацкі РАУС не заводзіў крымінальнай справы. Нанясеньне надпісу кваліфікавалі як адміністрацыйнае правапарушэньне паводле арт. 17.1 КаАП (дробнае хуліганства).

Крымінальную справу завялі празь месяц пасьля інцыдэнту, 15 верасьня, з ініцыятывы раённай пракуратуры. Лазовіка прызналі падазраваным паводле арт. 341 КК (апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці). Паралельна з гэтым мужчыну каралі за ўдзел у масавых акцыях пратэсту – спачатку далі 25 базавых велічынь штрафу за акцыю 30 жніўня, а пасьля суду адразу затрымалі, каб скласьці пратакол за акцыю, якая прайшла на тыдзень раней.

У доме Стэфана правялі ператрус, канфіскавалі куртку і фарбу. Яму прапанавалі прызнацца ў тым, што гэта ён зрабіў надпіс. А замест гэтага абяцалі толькі штраф з падпіскай аб нявыезьдзе на час сьледзтва. Ён пагадзіўся, а ўжо 29 кастрычніка, з ініцыятывы пракурора, артыкул перакваліфікавалі на ч. 1 арт. 339 КК РБ (злоснае хуліганства).

26 лістапада адбыўся суд. Судзьдзя Ясковіч вынесла вырак – наступны год Стэфан правядзе ў калёніі агульнага рэжыму. Сам Лазовік заяўляў, што за дзень да суду яму прапанавалі запісаць відэа з пакаяньнем, але ён адмовіўся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG