Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра закуп нерасейскіх вакцын ад каранавірусу гаворкі пакуль не вядзецца


Пра гэта паведамілі ў «Белфармацыі» і «Мэдваксе», якія пастаўляюць у Беларусь галяндзкую і францускую вакцыны ад грыпу.

Але як толькі ў Беларусі будуць зарэгістраваныя вакцыны ад ковіду нямецкай, амэрыканскай, брытанскай фармацэўтычных кампаній, прынамсі «Мэдвакс» «будзе першым у чарзе па вакцыну».

У аддзеле лекавага забесьпячэньня і закупаў РУП «Белфармацыя» Свабодзе паведамілі, што пакуль нават абмеркаваньня, якую вакцыну ад каранавірусу закупляць, не вядзецца.

«Пакуль наагул такое пытаньне яшчэ не стаіць, каб закупляць вакцыну ад каранавірусу. Пакуль няма рэгістрацыі на ніводную імпартную вакцыну. Як толькі гэта стане магчымым, думаю, што будзем закупляць», — адказалі ў «Белфармацыі».

Сумеснае закрытае акцыянэрнае таварыства «Мэдвакс», якое спэцыялізуецца на пастаўках арыгінальных лекаў, новых вакцын і прэпаратаў, уважліва сочыць за сытуацыяй на фармацэўтычных рынках. «Мэдвакс» пастаўляе ў Беларусь францускую вакцыну ад грыпу «Ваксігрып Тэтра» і разьмяркоўвае яе па паліклініках і камэрцыйных мэдычных цэнтрах.

«Калі хтосьці вынайдзе дасканалую вакцыну ад каранавірусу і яе зарэгіструюць у Рэспубліцы Беларусь, „Мэдвакс“ будзе першым у чарзе па вакцыну. Зараз усе вядучыя фармацэўтычныя кампаніі і навуковыя інстытуты займаюцца вынаходжаньнем вакцыны ад ковіду. Але пакуль ніводная вакцына не зарэгістраваная. Мы толькі за тое, каб закупляць самыя лепшыя вакцыны і лекавыя сродкі», — паведамілі ў аддзеле продажаў і закупаў «Мэдваксу».

Расейскую вакцыну выпрабоўвалі на беларускіх добраахвотніках

Расея першай у сьвеце — 11 жніўня 2020 году — зарэгістравала вакцыну ад каранавірусу «Спутнік V». Пазьней была зарэгістраваная яшчэ адна вакцына — «ЭпіВакКарона», ідзе распрацоўка трэцяй вакцыны.

Мяркуецца, што краіны СНД атрымаюць расейскія вакцыны ў першую чаргу. А Беларусь будзе вырабляць вакцыны «Спутнік V» у лябараторных умовах ужо сёлета. Хутчэй за ўсё, гэта будзе зроблена на РУП «Белпрэпараты».

Пакуль расейскую вакцыну «Спутнік V» выпрабоўваюць на беларускіх добраахвотніках. Прышчэпкі зрабілі прэм’ер-міністру Раману Галоўчанку, прэс-сакратарцы Лукашэнкі Натальлі Эйсмант.

«Клінічныя выпрабаваньні расейскай вакцыны „Спутнік V“ у Беларусі паказалі эфэктыўнасьць на ўзроўні 95%», — заявіў у эфіры тэлеканалу «Россия 24» амбасадар Расеі ў Беларусі Дзьмітрый Мезенцаў. Па словах дыплямата, у дасьледаваньні бралі ўдзел 100 грамадзян краіны. Беларусь стала першай дзяржавай, дзе пачалі праводзіць клінічныя выпрабаваньні «Спутніка V».

Пакуль не паведамляецца, калі ў беларусаў будзе магчымасьць атрымаць расейскія прышчэпкі ад ковіду.

Ва ўсясьветным рэйтынгу па аб’ёмах закупаў расейская вакцына «Спутнік V» — на 7-м месцы

Пры канцы лістапада Bloomberg апублікаваў рэйтынг самых запатрабаваных вакцын ад каранавірусу COVID-19 паводле разьлікаў лёнданскай дасьледчай фірмы Airfinity. Расейская вакцына «Спутнік V» — на 7-м месцы. Гэтую вакцыну ня будуць купляць ні эўрапейскія краіны, ні ЗША.

Узначальвае сьпіс вакцына AstraZeneca, на якую разьлічвае большая частка сьвету, за выключэньнем вельмі багатых краінаў, кшталту ЗША.

Першай у сьвеце вакцыну ад COVID-19 на людзях пачала выпрабоўваць амэрыканская біятэхналягічная кампанія Moderna.

У ЗША і Вялікай Брытаніі хутка пачнецца выкарыстаньне вакцыны ад COVID-19, распрацаванай амэрыканскай і нямецкай кампаніямі Pfizer і BioNtech. Яе эфэктыўнасьць ацэньваюць у 95%.

Кампанія Pfizer падала заяўку на дазвол выкарыстоўваць новую вакцыну ва ўмовах надзвычайнай сытуацыі і пачне вакцынацыю ў ЗША ўжо ў сярэдзіне сьнежня.

У Вялікай Брытаніі плянуецца, што гэтай вакцынай пачнуць прышчапляць праз тыдзень — у першую чаргу мэдыкаў, а таксама пэрсанал і пацыентаў дамоў састарэлых.

Аднак для дастаўкі гэтай вакцыны патрэбны велічэзныя транспартныя і лягістычныя рэсурсы. Новы прэпарат неабходна захоўваць пра тэмпэратуры мінус 70 градусаў па Цэльсію, а пасьля размарожваньня тэрмін яго прыдатнасьці — толькі 5 дзён пры тэмпэратуры 2–8 градусаў. Праўда, кампанія Pfizer прапанавала ўласнае кароткатэрміновае рашэньне праблемы — адмысловыя тэрмічныя боксы памерам зь невялікі чамадан, у які зьмяшчаецца да 5000 дозаў прэпарата. Запоўненыя сухім лёдам боксы змогуць захоўваць вакцыну пры патрэбнай тэмпэратуры 10 дзён, калі іх не адчыняць.

BioNTech и Pfizer плянуюць выпусьціць адзін мільярд доз вакцыны. Эўразьвяз ужо заключыў з BioNTech и Pfizer дамову на закуп 300 мільёнаў дозаў дзьвюхфазнай вакцыны, якая дазволіць зрабіць прышчэпкі 150 мільёнам эўрапейцаў.

Тыдзень таму брытанская кампанія AstraZeneca і Оксфардзкі ўнівэрсытэт абнародавалі вынікі клінічных выпрабаваньняў сваёй вакцыны, эфэктыўнасьць якой складае ў сярэднім 70%, а ў шэрагу выпадкаў — 90%. Перавага гэтай распрацоўкі ў тым, што яна будзе каштаваць меркавана 5 даляраў за дзьве дозы, яе можна перавозіць і захоўваць у звычайных лядоўнях.

Над распрацоўкай вакцын ад каранавірусу працуюць вядучыя сусьветныя фармацэўтычныя кампаніі Novavax, Johnson & Johnson ды іншыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG