Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарнагорыя і Сэрбія нагадалі адна адной пра 1918 год — і выслалі паслоў


Здраўка Крывакапіч, прызначаны кіраўнік ураду Чарнагорыі. Падгорыца, 27 лістапада 2020 году

Пасол Сэрбіі ў Чарнагорыі Ўладзімір Божавіч назваў «вызваленьнем» рашэньне ўладаў Чарнагорыі аб аб’яднаньні з Сэрбіяй, прынятае ў 1918 годзе.

Заяву сэрбскага дыплямата ў Падгорыцы ацанілі як «умяшаньне ва ўнутраныя справы Чарнагорыі». Божавічу загадана пакінуць Чарнагорыю на працягу 72 гадзін. У адказ сэрбскія ўлады прадпісалі паслу Чарнагорыі ў Бялградзе Тарзану Мілошавічу пакінуць Сэрбію.

У канцы 1918 году Вялікая Народная Скупшчына Чарнагорыі прыняла рашэньне аб аб’яднаньні зь Дзяржавай Сэрбаў, Харватаў і Славенцаў, з 1929 году вядомай як Югаславія.

Згодна з сучаснай чарнагорскай гістарыяграфіяй, уваходжаньне Каралеўства Чарнагорыя ў склад паўднёваславянскай манархіі дынастыі Карагеоргіевічаў па выніках Першай сусьветнай вайны не было добраахвотным, а было зроблена пад ціскам зь Бялграду. Скліканьне ў 1918 годзе Вялікай Народнай Скупшчыны ў Падгорыцы лічаць нелегальным.

У 2006 годзе, у новых гістарычных умовах, Чарнагорыя абвясьціла незалежнасьць, стаўшы сувэрэннай дзяржавай — упершыню пасьля заканчэньня Першай сусьветнай вайны.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG