Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Рэжым Лукашэнкі ўжо захістаўся, вось-вось паваліцца». Што сказала Ціханоўская ўкраінскай «Свабодзе»


Сьвятлана Ціханоўская

Сьвятлана Ціханоўская дала вялікае інтэрвію ўкраінскай службе Радыё Свабода. Мы выбралі самыя яскравыя моманты зь яго, датычныя Беларусі.

Пратэсты ў Беларусі паказваюць, што беларусы ўжо ня спыняцца ў барацьбе за сваю годнасьць, за свае правы. І тое, што мы ўжо ня зможам вярнуцца ў стан, у якім жылі шмат гадоў. У стан такога напаўрабства, калі «мая хата з краю». Людзі ўжо самі хочуць прымаць рашэньні ў сваёй краіне, хочуць быць важнымі, хочуць самі будаваць будучыню сваёй краіны.

[Арышты журналістаў] — гэта яшчэ адна чырвоная лінія, якую перайшлі сілавікі. Журналісты заўжды былі недатыкальныя, нават падчас ваенных дзеяньняў, таму што іх праца — асьвятляць падзеі. Яны не бяруць удзелу ў масавых акцыях, яны проста выконваюць свой абавязак. Але ў Беларусі праўда нікому не патрэбная. І такім вось чынам намагаюцца закрыць журналістам рот. Але людзі выконваюць сваю працу і бясстрашна ўсё роўна будуць працягваць гэта рабіць. Людзі знаходзяцца ў месцах пазбаўленьня волі, як і багата беларусаў. Таму нашая задача цяпер — вызваляць людзей, што мы і робім.

Ультыматум працуе насамрэч. Ягонай умовай было тое, што калі Лукашэнка ня сыдзе, то мы ўзмоцнім ціск, што, у прынцыпе, і адбываецца. Мы цяпер кажам ужо пра эканамічныя санкцыі. І ўсё больш людзей цяпер далучаюцца да страйкаў на заводах. Мы абвяшчалі нацыянальны страйк. Ён ня выйшаў маштабным адразу, але ўзмацняецца цяпер.

Каардынацыйная рада дзеяздольная. Бо яшчэ тады, калі людзі былі ў Беларусі, было створана шмат працоўных групаў, якія выконваюць розную працу што да каардынацыі дваровых рухаў, мэдыкаў... Ніхто не распаўся, ніякага расколу няма.

Праз свой век і стан здароўя Сьвятлана Алексіевіч не бярэ актыўнага ўдзелу ў каардынацыі працы Каардынацыйнай рады. Але яна, скажам так, сымбаль гэтага пратэставага руху. Яна дае інтэрвію, яна абсалютна за беларускі народ, за сьветлую, вольную будучыню. І яна як можа, там, дзе яна можа быць, шмат пра нас гаворыць, расказвае. Гэта таксама немалы ўнёсак у нашую барацьбу.

Я ня сябра Каардынацыйнай рады. Бо на той момант, калі яна фармавалася, я была не ў Беларусі. Але мы зь імі каардынуемся. Мы нават ня тое што паралельныя структуры, мы разам, у нас адна мэта.

Увесь сьвет бачыць, што людзі са зброяй і іх так званы галоўнакамандуючы казаў пра тое, што можна і баявую зброю выкарыстоўваць супраць мірных грамадзян. Дык хто яны? Абаронцы?!

Камунікацыі [з уладамі] няма. Мы ўвесь час гаварылі пра дыялёг. І гэта не павінен быць Лукашэнка, гэта павінны быць людзі зь ягонага атачэньня, якія маглі б узяць на сябе такую адказнасьць і пачаць размову зь людзьмі. Вось гэта будзе крок наперад з боку рэжыму.

Рэжым Лукашэнкі ўжо захістаўся, і дужа моцна, вось-вось паваліцца. Але я дужа сумняваюся ў якімсьці ўварваньні [Расеі]. Бо няма неабходнасьці. У нас ніякім чынам не вядзецца пра геапалітыку. Нашая барацьба скіраваная супраць аднаго чалавека, супраць рэжыму і дыктатуры. У нас абсалютна мірная рэвалюцыя, супраць каго якія войскі ўводзіць?

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG