Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Amnesty International прызнала лекара Арцёма Сарокіна і журналістку tut.by Кацярыну Барысевіч вязьнямі сумленьня


Арцём Сарокін і Кацярына Барысевіч

Беларускія ўлады мусяць неадкладна вызваліць лекара службы хуткай мэдычнай дапамогі Арцёма Сарокіна і журналістку tut.by Кацярыну Барысевіч, арыштаваных у сувязі з раскрыцьцём вынікаў мэдычнага агляду забітага актывіста Рамана Бандарэнкі, заклікала міжнародная праваабарончая арганізацыя Amnesty International у сваёй публічнай заяве.

Арганізацыя прыйшла да высновы, што лекар і журналістка дзейнічалі ў грамадзкіх інтарэсах, а іх крымінальны перасьлед і арышт «уяўляюць сабой пакараньне за выкрыцьцё урадавай дэзінфармацыі, такім чынам, яны ёсьць вязьнямі сумленьня і мусяць быць неадкладна вызваленыя».

19 лістапада Генэральная пракуратура Беларусі паведаміла пра арышт лекара сталічнага шпіталя хуткай дапамогі. У паведамленьні зазначалася, што лекар «уступіў у злачынную змову з прадстаўніком інтэрнэт-рэсурсу (tut.by)» і «выдаў мэдычную таямніцу». Імя лекара публічна не называлася, але яно вядомае Amnesty International — Арцём Сарокін. У той самы дзень улады затрымалі Кацярыну Барысевіч, аўтарку артыкулу ў tut.by аб выніках агляду Рамана Бандарэнкі, і абшукалі яе кватэру.

Абое яны зьмешчаныя пад варту паводле абвінавачаньня ў парушэньні ч. 3 арт. 178 Крымінальнага кодэксу Беларусі за «разгалашэньне канфідэнцыйнай мэдычнай інфармацыі, якая прывяла да цяжкіх наступстваў». Ім пагражае да трох гадоў пазбаўленьня волі.

Amnesty International прыйшла да высновы, што ў публікацыях tut.by і выданьня «Наша ніва», прысьвечаных вынікамі мэдычнай экспэртызы Рамана Бандарэнкі, «адназначна выкрытая спроба ўладаў Беларусі на самым высокім узроўні перакласьці віну за гібель Бандарэнкі на яго самога і забясьпечыць ўтойваньне абставінаў гэтага злачынства».

«Amnesty International сур’ёзна занепакоеная тым, што перасьлед лекара і журналісткі накіравана выключна на тое, каб пакараць іх за выкрыцьцё дэзінфармацыі, якая распаўсюджваецца афіцыйнымі асобамі на самым высокім узроўні. Таму арганізацыя лічыць іх вязьнямі сумленьня, якіх неабходна неадкладна і безумоўна вызваліць, паколькі яны ўтрымліваюцца пад вартай проста за тое, што яны скарысталіся сваім правам на свабоду выказваньня меркаваньняў», — падкрэсьлівае міжнародная праваабарончая арганізацыя.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG