Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Адцягнулі ззаду штаны і залілі з балёнчыка яшчэ ў раёне хвастца», — чалавек, «прызнаньне» якога паказалі на АНТ


Цімур Рабцаў сьведчыў у відэа АНТ пасьля зьбіцьця і заліцьця пэрцовым газам
Цімур Рабцаў сьведчыў у відэа АНТ пасьля зьбіцьця і заліцьця пэрцовым газам

Пасьля 10 дзён арышту выйшаў на волю Цімур Рабцаў. Дзяржаўны тэлеканал АНТ паказаў у навінах відэа, на якім Цімур дае паказаньні — зьбіты, у стане афэкту.

Паводле АНТ, 8 лістапада «не абышлося без ужо традыцыйных перакрываньняў дарог. Усяго затрымана каля тысячы парушальнікаў». Далей на відэа паказалі Цімура, якога апытвае жанчына.

— За што сёньня былі затрыманыя?
— За блякаваньне дарог.
— Дзе блякавалі?
— На Машэрава.
— Зь якой мэтай?
— Дурны быў.

Цімур Рабцаў — індывідуальны прадпрымальнік, мае вышэйшую адукацыю. Ён расказаў, як яго змусілі агаварыць сябе і зьнялі гэта на відэа.

«Усё, што ім трэба, ты скажаш у любым выпадку»

Цімура затрымалі 8 лістапада ў парку імя Янкі Купалы.

«Не спадабалася сілавіку, як я на яго гляджу. Мне залілі пярцовікам з балёнчыка спачатку твар, пастаялі, паглядзелі, што я не супраціўляюся, адцягнулі ззаду штаны і залілі з балёнчыка яшчэ ў раёне хвастца. Таму ў бусіку я ехаў з „разагрэтым“ адчуваньнем, пярцовік сьцякаў па нагах, потым ногі гарэлі яшчэ двое сутак», — кажа Цімур.

Пакуль ехалі ў бусіку, Цімура дапытвалі, чым ён займаецца, хто плаціць, колькі плацяць, білі па твары, па нырках, пыталіся, чаму няма з сабой тэлефона.

«У Цэнтральным РУУС адразу павялі здымаць „кіно“. Я яшчэ знаходзіўся ў стане афэкту. Потым, недзе праз тры гадзіны, здымалі другі дубль. Але, як я ўжо пазьней зразумеў, першае кіно атрымалася больш цікавым. Я стаяў са сьцяжкамі, рукі за сьпінай».

Затрыманьні падчас пратэсту 8 лістапада ў Менску
Затрыманьні падчас пратэсту 8 лістапада ў Менску

Пасьля вызваленьня Цімур паглядзеў відэа на тэлеканале АНТ.

«Іншых затрыманых таксама здымалі, і выглядалі яны таксама ня самым лепшым чынам. Яны аказваюць псыхалягічны, фізычны ціск, прымушаюць казаць тое, што ім трэба, — кажа Цімур. — Я не адразу зразумеў, што гэта нейкая гульня накшталт „Угадай мэлёдыю“. Першы раз не ўгадаў, табе далі па твары, потым яшчэ ўдарылі. То бок няма сэнсу гуляць у герояў, бо ўсё, што ім трэба, ты скажаш у любым выпадку».

Што да «блякаваньня дарог», то Цімур кажа, што пераходзіў вуліцу ў калёне.

«Я быў крыху наперадзе.Там была машына ДАІ, і яны, відаць, здымалі, падумалі: ага, блякіроўшчык дарог. У мяне не было ніякай атрыбутыкі. То бок поўнасьцю сфабрыкаваная, не да канца раскручаная справа».

«Я запомніў, што ў той момант я быў 78-м»

Пасьля здымак Цімура паставілі ў кут на калені. Потым вывелі ў калідор, дзе былі іншыя затрыманыя.

«Я запомніў, што ў той момант я быў 78-м, многа людзей было на вуліцы, і цягам дня падвозілі затрыманых пачкамі. Супрацоўнікі РУУС самі былі ў шоку ад прывезенай колькасьці людзей. У іх там нейкі гонар быў, маўляў, ударна папрацавалі. Хамілі ўсяляк».

У РУУСе Цімур знаходзіўся да 4 гадзіны ночы, потым яго павезьлі ў ІЧУ ў Жодзіна.

«Перад намі група людзей, якая павінна была паехаць у Жодзіна і паўтары гадзіны стаяла на вуліцы, бо зламалася машына. Мы паехалі калёнай з трох-чатырох аўтазакаў, — кажа Цімур, — Там прайшлі мэтраў 250 па калідорах, папрысядалі, паскакалі. Гэта робіцца, каб ты максымальна потны, сьмярдзючы зайшоў у камэру, каб даставіць дыскамфорт».

«Стаўленьне да нас было, як да жывёл»

На Цімура склалі пратакол па артыкуле 23.34. У жодзінскім ІЧУ яго судзілі, далі 10 сутак арышту. Ён кажа, што адваката да яго не пусьцілі, а лісты з волі не дайшлі.

«У першай камэры было 24 чалавекі, па трое на нары, сядзець не дазвалялі, трэба было хадзіць па камэры. Сядзець можна было толькі за сталом, за якім зьмяшчалася максымум 8 чалавек, і мы мяняліся. Пакармілі толькі ў панядзелак увечары. Днём мы пілі ваду з-пад крана з далоні. Праз двое сутак пасьля суду выдалі матрац, наўлечку. У аднаго з хлопцаў засталіся шнуркі, і з дапамогай іх мы змаглі прачыніць вакно камэры. З намі былі дыябэтыкі, і яны [наглядчыкі] ня ведалі, што рабіць з гэтымі людзьмі. Стаўленьне да нас было, як да жывёл», — кажа Цімур.

Цімур Рабцаў
Цімур Рабцаў

«Усе сукамэрнікі — выдатныя людзі»

Цімур кажа, што 10 сутак «праляцелі як адзін дзень». У камэры ён сустрэў мастака Ўладзіслава Стальмахова, які чытаў вязьням вершы, расказваў гісторыі. Яму таксама далі 10 сутак.

«Усе адзін аднаго падтрымлівалі. Усе сукамэрнікі выдатныя людзі, за такімі людзьмі будучыня. Як кажуць, не сядзеў — не беларус», — кажа Цімур.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG