Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАЖ патрабуе вызваленьня журналістак Андрэевай, Барысевіч, Чульцовай, спыненьня перасьледу яшчэ шасьці калегаў


Кацярына Андрэева, Дар’я Чульцова, Кацярына Барысевіч

Беларуская асацыяцыя журналістаў выступіла з заявай аб незаконным крыміналым перасьледзе журналістак Кацярыны Андрэевай, Кацярыны Барысевіч і Дар’і Чульцовай.

У заяве адзначаецца, што цягам апошніх дзён улады Беларусі затрымалі і адправілі ў сьледчыя ізалятары трох беларускіх журналістак, якія выконвалі свае прафэсійныя абавязкі.

  • Журналістку парталу Tut.by Кацярыну Барысевіч затрымалі 19 лістапада ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта раскрыцьці лекарскай таямніцы пабітага да сьмерці Рамана Бандарэнкі (яна прывяла ў артыкуле словы лекара аб адсутнасьці ў крыві Рамана алькаголю, што супярэчыла заявам прадстаўнікоў уладаў).
  • Журналісткі тэлеканалу «Белсат» Кацярына Андрэева (Бахвалава) і Дарʼя Чульцова сталі фігуранткамі крымінальнай справы аб арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, пасьля жывога эфіру зь месца жорсткага разгону сілавікамі дэманстрантаў на «плошчы Пераменаў» у Менску 15 лістапада.

Акрамя іх, у крымінальных справах праходзяць яшчэ шэсьць журналістаў, якія застаюцца на свабодзе:

  • Арцём Багаслаўскі
  • Дзьмітры Буянаў
  • Дзьмітры Дзмітрыеў
  • Зьміцер Краўчук
  • Ягор Марціновіч
  • Сяргей Сацук

Усяго за час выбараў і пасьлявыбарчы пэрыяд ахвярамі перасьледу сталі 390 журналістаў, зь якіх 77 прайшлі праз адміністрацыйны арышт. На 23 лістапада 14 нашых калегаў знаходзяцца ў ізалятарах часовага ўтрыманьня паводле адміністрацыйных або крымінальных справаў. За кратамі застаюцца і блогеры, затрыманыя яшчэ ў пэрыяд выбарчай кампаніі.

Беларуская асацыяцыя журналістаў зьвяртае ўвагу, што свабода выказваньня думкі і права на распаўсюд інфармацыі гарантаваныя Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусі і міжнародна-праўнымі абавязаньнямі дзяржавы (у прыватнасьці, Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах, арт. 19).

Перашкода законнай прафэсійнай дзейнасьці журналіста караецца ў крымінальным парадку (арт. 198 КК). Акрамя таго, Крымінальны кодэкс прадугледжвае адказнасьць за перасьлед грамадзян за крытыку (арт. 197) і іншыя злачынствы супраць канстытуцыйных правоў і свабодаў чалавека і грамадзяніна (разьдзел 23 КК).

Беларуская асацыяцыя журналістаў патрабуе:

  • неадкладна вызваліць з-пад варты журналістак Кацярыну Барысевіч, Кацярыну Андрэеву (Бахвалаву) і Дарʼю Чульцову і спыніць іх крымінальны перасьлед;
  • спыніць крымінальны перасьлед і перагледзець судовыя пастановы аб адміністрацыйнай адказнасьці журналістаў і іншых грамадзян, асуджаных за гарантаваныя Канстытуцыяй выказваньне сваёй думкі і распаўсюд інфармацыі аб тым, што адбываецца ў краіне;
  • прыцягнуць вінаватых у парушэньні правоў журналістаў і грамадзян да вызначанай законам адказнасьці.

9 журналістаў пад крымінальным перасьледам

Усяго на момант публікацыі дзевяць журналістаў зьяўляюцца фігурантамі крымінальных справаў, піша Беларуская асацыяцыя журналістаў. Шэсьць чалавек — паводле крымінальнага артыкулу «Арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак», які прадугледжвае да трох гадоў зьняволеньня.​

Па справе аб «Арганізацыі і падрыхтоўцы дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» праходзяць журналісты:

  • Кацярына Андрэева;
  • Дар’я Чульцова;
  • Дзьмітрый Дзьмітрыеў;
  • Зьміцер Солтан (Буянаў);
  • Зьміцер Краўчук;
  • Арцём Багаслаўскі.

Акрамя гэтага:

  • журналістка Tut.by Кацярына Барысевіч знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яна фігуруе ў крымінальнай справе, узбуджанай паводле ч. 3 арт. 178 КК – раскрыцьцё мэдычнай таямніцы, якое пацягнула за сабой цяжкія наступствы. Кацярына напісала, што ў крыві загінулага Рамана Бандарэнкі не выявілі алькаголю.
  • галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч — падазраваны паводле арт. 188 Крымінальнага кодэксу (паклёп). Пацярпелым лічыцца былы намесьнік міністра ўнутраных справаў, цяпер памочнік прэзыдэнта ў Менску Аляксандар Барсукоў. У артыкуле «Нашай Нiвы» «ды-джэй пераменаў» сказаў, што Барсукоў біў яго на Акрэсьціна.
  • Журналіст Сяргей Сацук падазраецца ў справе аб хабары. У журналіста ўзялі абавязаньне яўкі (нават не падпіску аб нявыезьдзе) і вызвалілі. Таксама ў яго ўзялі падпіску аб неразгалошваньні. Абвінавачваньніяў Сацуку ня выставілі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG