Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Канцэрт легендарнага хору «Унія», удзельнікі якога зазналі рэпрэсіі


Кірыла Насаеў, стваральнік хору «Унія»

Беларускі фонд культурнай салідарнасьці ладзіць онлайн-імпрэзу ў падтрымку мужчынскага хору «Унія», удзельнікі якога пацярпелі апошнім часам з прычыны рэпрэсій — артыстаў арыштоўвалі, звальнялі і нават пагражалі забраць дзіця.

Сёньня а 20-й гадзіне — прэзэнтацыя відэавэрсіі сёлетняга канцэрту хору ў Чырвоным касьцёле ў Менску, а таксама прэм’ера кліпа на новую песьню «Лётае арол».

Улетку дзейнасьць легендарнага хору аднавілася. Калектыў узначаліў вучань памерлага два гады таму заснавальніка «Уніі» Кірылы Насаева — Павал Гонта.

Хор даў два канцэрты — вулічны каля філярмоніі і ў Чырвоным касьцёле. Улады жорстка адрэагавалі на аднаўленьне хору — саліста Дзяніса Іванова затрымалі проста на працы, прысудзілі 15 сутак арышту.

Дырыжора Паўла Гонту выклікалі на допыт, ён правёў тры ночы на Акрэсьціна і атрымаў штраф 810 рублёў. Вядучага саліста хору Аляксандра Шыка асудзілі на 15 сутак, цяпер у яго пагражаюць адабраць непаўналетняга сына.

Мужчынскі хор «Унiя» адрадзіў традыцыю беларускага мужчынскага камэрнага сьпеву. За 30 год існаваньня калектыў выканаў больш за 200 твораў з розных эпох: ад царкоўных сьпеваў 15–17 ст. да ўласных апрацовак клясычных рок-хітоў.

Афіцыйнае прызнаньне да хору прыйшло пасьля перамогі на першым фэстывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа» ў 1993 годзе. Хор запрасілі на працу ў Магілёўскую філярмонію, але на пачатку 2000-х гадоў пазбавілі дзяржаўнай падтрымкі. Некалькі разоў хор прыпыняў дзейнасьць і адраджаўся.

Беларускі фонд культурнай салідарнасьці заклікае падтрымаць удзельнікаў хору «Унія».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG