Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Магутны Божа» над Басфорам. Хормайстру Кірылу Насаеву — 60


Кірыла Насаеў
Кірыла Насаеў

Сёньня мог бы адзначыць сваё 60-годзьдзе бліскучы хормайстар, музыказнаўца і пэдагог Кірыла Насаеў. Яго ўжо два гады няма з намі. Кірыла стаў героем новага выданьня маёй кнігі «Імёны Свабоды», якая цяпер рыхтуецца да друку.

Калі камэрны мужчынскі хор «Унія» сьпяваў гімн «Магутны Божа», мая душа заўсёды імкнулася ў нябёсы і ў ёй сапраўды мацнела вера ў нашу праўду і нашу прышласьць.

«Унію» на пачатку незалежніцкіх 1990-х стварыў Кірыла Насаеў.

Маці выкладала музыку, што і паланіла сына з малых гадоў. Ён сьпяваў у хоры хлопчыкаў пры кансэрваторыі, куды пасьля і паступіў.

Кірыла Насаеў падчас рэпэтыцыі
Кірыла Насаеў падчас рэпэтыцыі

Харысты «Уніі» належалі да розных канфэсіяў, але ўсіх — каталікоў, праваслаўных, вуніятаў, пратэстантаў — аб’яднала агульная мэта сьпяваць храмавыя і патрыятычныя беларускія песьні. Кірыла вельмі хутка ператварыў хор з аматарскага ў прафэсійны, прывёў яго да перамогі на першым фэстывалі духоўнай музыкі «Магутны Божа». Неўзабаве «Унія» стала ляўрэатам конкурсу імя Франца Шубэрта ў Вене. Канцэрты беларускага хору зь вялікім посьпехам адбываліся ў Літве, Польшчы, Бэльгіі, Францыі. Нашыя песьні плылі па-над ранішняй Сенай і вечаровым Басфорам...

Славуты опэрны сьпявак і мастацкі кіраўнік «Беларускай капэлі» Віктар Скарабагатаў, характарызуючы Кірылу Насаева, кажа: perpetuum mobile — вечны рухавік. Шмат хто называў яго унікумам беларускай музычнай культуры.

Тады ж, у першай палове 1990-х, — такія былі часы! — Насаеў на просьбу кіраўніцтва ансамблю песьні і танцу Ўзброеных сілаў Беларусі падрыхтаваў для выкананьня гэтым калектывам «Пагоню» і гімн «Мы выйдзем шчыльнымі радамі». Потым запісаў альбом «Беларускія песьні і маршы. Лірыка змаганьня», прысьвечаны 80-годзьдзю БНР. Харавы варыянт «Пагоні» ён стварыў пазьней і для праекту «Re: Песьняры», прычым ганарыўся зробленым: маўляў, паказаць ня сорамна нават Уладзімеру Мулявіну, хоць пасьля ягонай вэрсіі зрабіць па-іншаму было неверагодна цяжка.

«Унія» сьпявала на плошчы Незалежнасьці 8 верасьня 1992-га, калі тысячы беларусаў прымалі прысягу на вернасьць зусім маладой Рэспубліцы Беларусь.

«Унія» адраджала айчынную музычную даўніну: выконвала рэлігійныя і сьвецкія творы розных эпохаў, пачынаючы з XІІ стагодзьдзя. Даўно стала рарытэтам выдадзеная яшчэ на касэтах праграма «Музыка Літвы і Кароны». А як гучалі «Сьпевы даўніх ліцьвінаў» на вершы Яна Чачота і «Музыка беларускіх храмаў»!

Дзякуючы таленту і арыгінальным хормайстарскім поглядам Насаева на канцэрты «Уніі» было не прабіцца. Памятаю, якое захапленьне залі выклікала тое, што мэлёдыі часоў Міхала Клеафаса Агінскага зьмяняліся апрацоўкамі «Бітлз».

Між тым некалькі гадоў «Унія» існавала на грамадзкіх пачатках. Потым хор, які рэпэтаваў у Менску, «прымацавалі» да Магілёўскай філярмоніі, ды ўрэшце выправілі назад, у «вольнае плаваньне». У 2002-м адбыўся апошні канцэрт.

Хтосьці з харыстаў пайшоў у опэру, хтосьці падаўся за мяжу. Кірыла цяжка перажываў гэта, але працягваў працаваць: кіраваў іншымі хорамі, складаў збор твораў Міколы Равенскага, выкладаў. Сярод ягоных выхаванак — знакамітая сьпявачка Руся.

Адмысловы праект ён рыхтаваў да 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі.

Не пасьпеў.

Сёньня раніцой Кірыла ўскінуў рукі, і ўва мне на цэлы дзень загучаў ягоны з хорам непаўторны «Магутны Божа».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG