Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбары ў ЗША: у Джорджыі пасьля пераліку галасоў перамагае Байдэн


Джо Байдэн

Ручны пералік бюлетэняў у традыцыйна рэспубліканскай Джорджыі пацьвердзіў, што пераможцам выбараў 3 лістапада ў штаце стаў Джо Байдэн. Пра гэта заявіў дзяржаўны сакратар Джорджыі Брэд Рафэнспэргер, перадае Голас Амэрыкі.

Пералік ініцыявалі пасьля таго, як неафіцыйныя вынікі галасаваньня паказалі, што Байдэн набраў прыблізна на 14000 галасоў больш, чым Трамп.

Штат сэртыфікуе перамогу Байдэна, падкрэсьліў Рафэнспэргер. Паводле яго, вынік пераліку вельмі блізкі да таго выніку, пра які паведамілі ў ноч пасьля выбараў.

Паводле афіцыйных зьвестак, апублікаваных на сайце сакратара штату Джорджыя, на выбарах у штаце зь перавагай у 12 284 галасы перамог Джо Байдэн, за якога прагаласавалі 2 475 141 чалавек. Дональд Трамп у выніку пераліку набраў 2 462 857 галасоў. Пералік прывёў да нязначнага павышэньня вынікаў Трампа — на 0,0099%, паведамілі ў апараце сакратара штату Джорджыя.

У той жа час суд штату Арызона адхіліў пазоў, пададзены рэспубліканцамі з мэтай забараніць уладам Арызоны абвясьціць Джо Байдэна афіцыйным пераможцам выбараў, паведамляе Голас Амэрыкі. Паводле Edison Research, Байдэн перамог Трампа ў Арызоне зь перавагай больш чым у 10 000 галасоў.

У апошнія дні Трамп неаднаразова рабіў непацьверджаныя заявы аб масавых фальсыфікацыях. Аднак усе спробы яго каманды аспрэчыць вынікі галасаваньня ў судах былі няўдалымі. Пры гэтым, паводле апытаньня Reuters / Ipsos, каля паловы прыхільнікаў прэзыдэнта лічаць гэтыя прэтэнзіі абгрунтаванымі.

Рэспубліканцы папрасілі судзьдзю распарадзіцца аб новай праверцы бюлетэняў, сьцьвярджаючы, што пры падліку галасоў парушаныя законы штату. Судзьдзя ня стаў тлумачыць прычынаў адмовы прыняць пазоў, аднак дадаў, што неўзабаве апублікуе больш разгорнутае рашэньне ў гэтай справе.

Выбары ў ЗША адбыліся 3 лістапада. Большасьць галасоў ужо падлічана, але афіцыйныя вынікі апрацаваньня бюлетэняў у штатах будуць вядомыя пазьней. Аднак на падставе наяўных зьвестак 7 лістапада вядучыя амэрыканскія СМІ спрагназавалі перамогу Байдэна на выбарах прэзыдэнта. Сам Байдэн у звароце да нацыі таксама абвясьціў сябе пераможцам выбараў, з посьпехам на іх яго павіншавалі многія сусьветныя лідэры.

Рэспубліканец Дональд Трамп, які абвінаваціў дэмакратаў у махлярстве і ў тым, што яны «скралі» ў яго перамогу, не прызнае паразы. Ён ініцыяваў шэраг судовых пазоваў, каб дабіцца перагляду вынікаў галасаваньня ў некалькіх штатах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG