Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму перападлік галасоў рэдка мяняе вынікі выбараў у ЗША


Падлік галасоў на выбарах прэзыдэнта ЗША ў Дэнвэры, Каларада. 3 лістапада 2020 году
Падлік галасоў на выбарах прэзыдэнта ЗША ў Дэнвэры, Каларада. 3 лістапада 2020 году

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп спадзяецца, што перападлік галасоў дапаможа адабраць перамогу на выбарах у Джо Байдэна, якога ўжо назвалі абраным прэзыдэнтам.

Але перападлік бюлетэняў — зьява нярэдкая, асабліва на мясцовых выбарах, пры гэтым толькі ў трох выпадках за апошнія 20 гадоў перападлік зьмяніў вынікі выбараў. Але гэта не былі прэзыдэнцкія выбары.

Канал «Настоящее время» тлумачыць, як у ЗША пералічваюць галасы на выбарах і як перападліку ўплываюць на вынікі.

Як праходзіць перападлік

«Перападлік — гэта рутына. Звычайная практыка», — кажа прафэсар права Рэбека Грын. Паводле яе слоў, ён звычайна паказвае той жа вынік, што і першы падлік галасоў. Часам перападлік можа паказаць невялікія разыходжаньні, часта выкліканыя розьніцай ў меркаваньні аб тым, як трэба падлічваць бюлетэні, адзначаныя ўручную.

У кожным штаце перападлік праходзіць па-свойму. У Джорджыі на дадзены момант Байдэн апярэджвае Трампа прыблізна на 12 тысяч галасоў. Тыя выбаршчыкі Джорджыі, якія галасавалі асабіста, выкарыстоўвалі новую тачскрын-сыстэму, якая выдавала ім канчатковы бюлетэнь. Гэтыя паперы потым прапускалі праз адмысловы сканэр і падлічвалі. Праз тыя ж сканэры прапускалі і бюлетэні, дасланыя па пошце.

Калі машына не магла вызначыць, за каго аддаць голас, рашэньне прымалі супрацоўнікі выбарчай камісіі з абедзьвюх партый — Рэспубліканскай і Дэмакратычнай. Яны прымалі канчатковае рашэньне — ці варта залічваць той ці іншы голас і калі так, то як. Пры перападліку галасоў члены выбарчай камісіі павінны паўтарыць гэты працэс.

Прадстаўнікі Трампа таксама заяўляюць, не падаючы канкрэтных доказаў, што па ўсёй краіне галасавалі ад імя памерлых людзей ці тых, хто пераехаў. Назіральнікаў-валянтэраў таксама нібыта ня ўсюды дапускалі да падліку галасоў. Але перападлік бюлетэняў не закранае гэтыя пытаньні, яны вырашаюцца толькі ў судзе.

Дзе Трамп можа запрасіць перападлік

У некаторых штатах пры блізкіх выніках на выбарах перападлік бюлетэняў абавязковы. У Пэнсыльваніі, напрыклад (штат стаў ключавым для перамогі Байдэна), перападлік абавязковы, калі розьніца вынікаў двух кандыдатаў не перавышае 0,5%. Паводле стану на 10 лістапада, Байдэн апярэджвае Трампа прыблізна на 0,67% галасоў, усяго там падлічылі каля 6,8 мільёна бюлетэняў. Пры гэтым выбаршчыкі любой выбарчай акругі ў Пэнсыльваніі могуць падаць пэтыцыю з патрабаваньнем пералічыць галасы.

У іншых штатах, напрыклад Джорджыі і Вісконсыне, кандыдат, які прайграў, можа запрасіць перападлік, але самі ўлады штатаў яго не патрабуюць. У Джорджыі кандыдат можа запытаць перападлік, калі розьніца ў галасах менш 0,5%, у Вісконсыне — калі розьніца менш за 1%. Паводле стану на 13 лістапада, Байдэн перамагае ў абодвух штатах, але перавага ў яго невялікая. Трамп мае права папрасіць пералічыць галасы.

Звычайна кандыдаты робяць гэтыя запыты пасьля таго, як штат афіцыйна сэртыфікаваў вынікі галасаваньня, але гэтага пакуль не адбылося.

Чаму перападлік ня зьменіць вынік выбараў-2020

Перападлікі рэдка мяняюць вынікі галасаваньня. Калі гэта адбывалася, розьніца галасоў, аддадзеных за кандыдатаў, складала ўсяго некалькі сотняў.

Непартыйнвя арганізацыя FairVote у 2019 годзе правяла дасьледаваньне, згодна зь якім з 2000 па 2019 год у ЗША прайшоў 31 перападлік галасоў на ўзроўні штата. Толькі ў трох выпадках перападлік зьмяніў вынікі галасаваньня, у тым ліку на выбарах губэрнатара Вашынгтону ў 2004 годзе і ў 2006 годзе на выбарах аўдытара штата Вэрмонт.

Перападлік таксама зьмяніў вынікі выбараў у Сэнат ў Мінэсоце ў 2008 годзе. Да перападліку дзеючы у той час сэнатар Норм Коўлман лідзіраваў з 215 галасамі. У выніку яго апанэнт Эл Франкен перамог зь перавагай у 225 галасоў. Але з прычыны судовага разбору працэс заняў так шмат часу, што крэсла сэнатара пуставала шэсьць месяцаў.

Пры перападліку часьцей за ўсё пераможца набірае яшчэ трохі галасоў. У сярэднім — на 0,0024% больш, заяўляе FairVote. Гэта нашмат менш, чым неабходна набраць Трампу, каб абагнаць Байдэна ў любым з штатаў, дзе дзеючы прэзыдэнт зараз прайграе.

У Вісконсыне, дзе, паводле словаў каманды Трампа, ён будзе патрабаваць перападліку, галасы лічылі паўторна ў 2016 годзе, калі Трамп перамог. Кандыдат ад Зялёнай партыі Джыл Стайн, якая набрала каля 1% галасоў, папрасіла аб перападліку. У выніку да лічбаў Трампа дадалі 131 голас. На гэтых выбарах Байдэн апярэджвае Трампа прыблізна на 20 тысяч галасоў.

Самы вядомы выпадак з перападлікам галасоў адбыўся ў Фларыдзе ў 2000 годзе. Тады Джордж Буш-малодшы набраў на 1784 галасы больш, чым Альбэрт Гор. Флорыда тады вырашала зыход ўсёй прэзыдэнцкай гонкі. Пасьля перападліку і судовых разглядаў, якія скончыліся ў Вярхоўным судзе ЗША, Флорыда абвясьціла Буша пераможцам зь перавагай у 537 галасоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG