Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп упершыню напісаў у Twitter, што Байдэн перамог на выбарах


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп ў нядзелю, праз больш чым тыдзень пасьля таго, як СМІ паведамілі пра перамогу на выбарах 3 лістапада яго суперніка, дэмакрата Джо Байдэна, напісаў у Twitter​пра тое, што Байдэн перамог на выбарах, дадаўшы, што сваёй перамогай дэмакрат абавязаны фальсыфікацыям.

«Ён перамог, таму што выбары былі сфальсыфікаваныя» — напісаў Трамп у твітэры.

Сьцьвярджэньні аб фальсыфікацыі на гэты момант не пацьверджаныя ні судамі, ні незалежнымі расьсьледаваньнямі. Тым ня менш Трамп, абапіраючыся на розныя юрыдычныя падставы, аспрэчвае вынікі галасаваньня ў шэрагу штатаў, дзе ён прайграў зь невялікім адрывам.

Праз прыкладна гадзіну пасьля запісу аб перамозе Байдэна Трамп напісаў іншы твіт: «Ён перамог толькі ў вачах фальшывых СМІ. Я не прызнаў паразы».

Яшчэ ў адным твіце прэзыдэнт выказаў упэўненасьць у перамозе і зноў паўтарыў сьцьвярджэньне, што выбары былі несумленнымі.

Афіцыйна абраньне Байдэна прэзыдэнтам яшчэ не пацьверджана, бо калегія выбарнікаў прагаласуе толькі ў сьнежні. Аднак правілам ў амэрыканскай палітыцы зьяўляецца тое, што кандыдат, які, паводле папярэдніх вынікаў, прайграў, прызнае сваё паражэньне. Трамп гэтага не зрабіў.

Згодна з папярэднім вынікам выбараў, Байдэн набірае 306 галасоў выбарнікаў, Трамп — 232. Для таго, каб прэтэндаваць на перамогу, Трампу неабходна празь пералік галасоў ці праз суд зьмяніць вынікі галасаваньня ня менш як у трох з «тых штатаў, што вагаюцца», што, на думку аналітыкаў, малаімаверна.

Напярэдадні ў Вашынгтоне дзясяткі тысяч прыхільнікаў прэзыдэнта выйшлі на вуліцы, пратэстуючы супраць афіцыйных вынікаў галасаваньня на прэзыдэнцкіх выбарах. Адбыліся сутычкі з іх апанэнтамі, паліцыя затрымала каля 20 чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG