Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нармальныя людзі ходзяць бяз маскі». Пяць гісторый пра былога міністра культуры Юрыя Бондара


Юры Бондар выступае перад калектывам Купалаўскага тэатра, 18 жніўня
Юры Бондар выступае перад калектывам Купалаўскага тэатра, 18 жніўня

19 лістапада Юрыя Бондара пазбавілі пасады. Свабода прыгадвае гісторыі, зьвязаныя з былым кіраўніком Мінкульту.

Адмаўляў небясьпеку каранавірусу

«Нармальныя людзі ходзяць бяз маскі. Рассаднік мікробаў, — сьцьвярджаў Юры Бондар на прэс-канфэрэнцыі, прысьвечанай пачатку „Славянскага базару“ ў ліпені 2020 году. — Нікога не хачу пакрыўдзіць, але не магу дыхаць. Нешта перашкаджае. Вось дырэктар фэстывалю Лапіцкі — ніякіх масак. Сучасны малады чалавек».

Абавязковы масачны рэжым быў уведзены на ўсёй тэрыторыі Беларусі 18 лістапада, за дзень да пазбаўленьня Бондара пасады.

Пры ім звольніўся амаль увесь калектыў Купалаўскага тэатру

Юры Бондар асабіста прыяжджаў у Купалаўскі тэатар суцішыць пратэсты актораў, якія пачаліся пасьля звальненьня дырэктара Купалаўскага Паўла Латушкі. Гэта адбылося 18 жніўня. Акторам Бондар заявіў, што не будзе размаўляць зь імі на палітычныя тэмы, і паведаміў, што неўзабаве ў тэатры будзе прызначаны новы дырэктар, які разгледзіць напісаныя імі заявы на звальненьне.

Неўзабаве пасьля гэтага большасьць актораў Купалаўскага звольнілася, дзейнасьць тэатру спынілася, ён не працуе дагэтуль. На сцэне Купалаўскага без асаблівага попыту некалькі разоў выступаў аркестар Міхаіла Фінбэрга. Цяпер абвешчаны набор у новую трупу.

Палітоляг адукацыяй, славянафіл перакананьнямі

Бондар скончыў юрыдычны факультэт БДУ ў 1997 годзе, у 2009-м атрымаў навуковае званьне дацэнта ў спэцыяльнасьці «паліталёгія». Яго публікацыі можна знайсьці ў афіцыйным часопісе «Беларуская думка».

«Да актывізацыі маральна-патрыятычнага выхаваньня, абнаўленьня асобасна-прафэсійнай падрыхтоўкі будучых спэцыялістаў падахвочвае і аб’ектыўная рэальнасьць з такімі праявамі, як трагічныя падзеі ва Ўкраіне і іншых дзяржавах; дэструктыўныя, непрадказальныя працэсы ў шматпалярным сьвеце; крывадушна закамуфляваная рэалізацыя ЗША і іх сатэлітамі ідэалёгіі глябалізму... Варта падкрэсьліць, што ў сучасных умовах надзвычай важна захаваць духоўнае адзінства брацкіх славянскіх народаў, фармуючы ў прадстаўнікоў малодшых пакаленьняў пачуцьцё дачыненьня да Вялікай Перамогі», — пісаў Юры Бондар у адным зь іх.

Бондар (паказвае рукой) на рэпэтыцыі параду 1 ліпеня 2019
Бондар (паказвае рукой) на рэпэтыцыі параду 1 ліпеня 2019

Дапамагаў выбрацца ў парлямэнт Ірыне Дарафеевай

Гэта здарылася ў 2016 годзе, Бондар тады кіраваў яе ініцыятыўнай групай. Дарафеева на выбарах перамагла, але ў 2019 годзе паўторна балятавацца не стала. Сам Бондар таксама быў дэпутатам, але толькі Мінгарсавету, балятаваўся ў Чыгуначнай акрузе. Яго супернікам на выбарах быў Віталь Рымашэўскі, зь якім Бондар уступіў у канфлікт і нават напісаў на сустаршыню БХД заяву ў міліцыю.

Зьбіраўся разьвіваць сучаснае беларускае мастацтва

Пра гэта Юры Бондар паведаміў журналістам неўзабаве пасьля свайго прызначэньня на пасаду міністра ў 2017 годзе.

«Мы павінны прасоўваць нашы нацыянальныя культурныя трэнды, ствараць новыя і разьвіваць сучаснае беларускае мастацтва, — гаварыў Бондар. — Недастаткова сёньня ствараць культурны прадукт і пры гэтым ніяк яго не прасоўваць. Патрэбна папулярызацыя творчых работ, бо беларускай культуры ёсьць чым ганарыцца».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG