XXIX Міжнародны фэстываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» пройдзе з 16 па 20 ліпеня. У адрозьненьне ад многіх іншых летніх імпрэзаў, яго не адмянілі ў сувязі з каранавірусам.
Каранавірус у Беларусі і ў сьвеце. Як разьвіваюцца падзеі >>
Сёлета ўсе імпрэзы пройдуць на адкрытых пляцоўках.
На пытаньне Tut.by, ці ўвядуць на фэстывалі абавязковы масачны рэжым і іншыя меры засьцярогі ад каранавірусу, міністар культуры Юры Бондар адказаў, што «будзе рэкамэндацыя па масачным рэжыме — будзе масачны рэжым». Тое ж самае тычыцца і рассаджваньня гледачоў праз аднаго: пакуль такія меры не плянуюцца, але калі будуць рэкамэндацыі — «будзем выконваць», сказаў Бондар.
«Нармальныя людзі [ходзяць] бяз маскі. Рассаднік мікробаў. Нікога не хачу пакрыўдзіць, але не магу дыхаць. Нешта перашкаджае, — дадаў Юры Бондар. — Вось [дырэктар фэстывалю] Лапіцкі — ніякіх масак. Сучасны малады чалавек».
Паводле міністра культуры Юрыя Бондара, у «Славянскага базару ў Віцебску» ёсьць «усе шанцы стаць адным з самых маштабных open-air фэстываляў», паведамляе БелТА.
Ва ўрачыстым адкрыцьці фэстывалю возьмуць удзел усе анансаваныя артысты, «ніхто не адмовіўся», паведаміў галоўны рэжысэр урачыстага адкрыцьця фэстывалю Аляксандар Вавілаў.
На конкурс маладых выканаўцаў прыедуць прадстаўнікі 18 краін.
Усе сольныя канцэрты расейскіх зорак адмянілі.
На фэстываль ужо прадалі каля 15 тысяч квіткоў. За ўвесь час у касы здалі ня больш за 70 купленых раней квіткоў.
Усе буйныя фэстывалі, заплянаваныя ў Беларусі на ліпень, ужо адмянілі (Viva Braslav Open-Air, FSP Freaky Summer Party, Stereo Weekend з Новым Радыё). Арганізатары жнівеньскіх фэстываляў — Рок за Баброў (1 жніўня), The Veska Festival (29 жніўня), SPRAVA 2020 (7 жніўня) — пакуль яшчэ спадзяюцца на паляпшэньне становішча. Да гэтага часу невядома, ці пройдуць сёлета жнівеньскі фэстываль «А-фэст» і верасьнёвы «Дзень танкіста».
16 траўня Сусьветная арганізацыя здароўя чарговы раз нагадала Беларусі пра свае рэкамэндацыі што да сацыяльнага дыстанцыяваньня і заклікала сур'ёзна разгледзець магчымасьць адкласьці ці абмежаваць вялікія мерапрыемствы, якія зьбіраюць разам людзей і маюць патэнцыял узмацніць хваробу.
Віцебск — адзін з гарадоў, якія найбольш пацярпелі ад эпідэміі каранавірусу. Тут была зафіксаваная ўспышка хваробы: у колькасьці выпадкаў COVID-19 Віцебская вобласьць доўгі час ішла сьледам за Менскам, дзе было найбольш выпадкаў каранавірусу.