Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі намесьнік дырэктара і настаўніца трапілі ў міліцыю за нядзельны шпацыр. Іх звальняюць


Нядзельны шпацыр у Гомлі
Нядзельны шпацыр у Гомлі

Яніна Шамрова працуе намесьнікам дырэктара ў школе № 40 Гомля. Яе сяброўка Надзея Лашэнка-Казакова выкладае там жа ангельскую мову. 15 лістапада іх схапіла міліцыя — нібыта за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Цяпер іх звальняюць з працы.

Ноч зь нядзелі на панядзелак настаўніцы правялі ў ізалятары часовага ўтрыманьня. На судзе іх прызналі вінаватымі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі і пакаралі штрафам, кожную — на 270 рублёў.

Надзея Лашэнка-Казакова расказала пра абставіны затрыманьня і магчымасьці застацца бяз працы. «Мы зь Янінай сустрэліся ў нядзелю на Савецкай. Шукалі банкамат, каб зьняць грошы. Прайшліся туды-сюды некалькі разоў, бо на цырку банкамат не працаваў. Потым пайшлі есьці ў „Бацькі“. Там сядзелі недзе гадзіну. Калі выйшлі — нас затрымалі невядомыя ў цывільным, пасадзілі ў звычайны аўтамабіль. Выходзіць, за намі сачылі і гадзіну чакалі, пакуль мы былі ў рэстаране. Такія мы, відаць, небясьпечныя апазыцыянэркі», — кажа настаўніца.

Іх прывезьлі ў Савецкі РАУС і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі.

«Доказы такія: у мяне ў сумцы знайшлі чэк ад куплі лямпадкі і шарыкі белага і чырвонага колеру. Плюс у тэлефоне знайшлі здымак — я сфатаграфавала мэмарыял памяці Рамана Бандарэнкі каля гомельскага касьцёла. Гэтага хапіла, каб даказаць, што мы ўдзельнікі акцыі. Судзьдзя потым даводзіў на паседжаньні на мае словы, што мы проста гулялі па Савецкай: „Хіба вы ня ведаеце, што робіцца на Савецкай у нядзелю, што там праходзяць акцыі? Вы мусілі ведаць!“. У нас не было ніякай сымболікі, апроч, натуральна, маёй вопраткі — чырвоныя штаны, сьветлая куртка і белая шапка. Дарэчы, мяне ўжо неяк папярэджвалі міліцыянты, што я „няправільна“ апранаюся. Цяпер у міліцыі я сама сказала, што ведаю, што „ня так“ апранулася. Міліцыянты спачатку сьмяяліся, потым пагадзіліся, што сапраўды „ня так“», — дадала Надзея.

Надзея з настаўніцкай дынастыі. Яе бабуля працавала ў гэтай жа школе № 40, настаўніцай была і маці. «Я ня мела нейкіх заўваг па працы... Але сёньня мы даведаліся, што нас будуць звальняць», — кажа настаўніца ангельскай мовы.

Яна працавала ў школе з 2006 году, намесьніца дырэктара — з 2014-га.

Цяпер у гомельскім ІЧУ знаходзіцца настаўніца геаграфіі з гарадзкога ліцэю Людміла Захарчанка. Яна атрымала спачатку 15 сутак, а потым яшчэ столькі ж — за заклікі ў тэлеграм-чаце зладзіць суботнік. Міліцыя расцаніла гэта як заклік да несанкцыянаванага мерапрыемства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG