Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЗС Нямеччыны: «Маштабы гвалту і рэпрэсіяў з боку ўладаў Беларусі шакуюць»


Мэмарыял на «плошчы Перамен» каля дома, дзе жыў Раман Бандарэнка.
Мэмарыял на «плошчы Перамен» каля дома, дзе жыў Раман Бандарэнка.

Урад ФРГ рашуча асуджае гвалт і рэпрэсіі ў Беларусі, маштабы якіх шакуюць, заявіў намесьнік сьпікера Фэдэральнага міністэрства замежных спраў Нямеччыны.

«Да нас дайшла інфармацыя, у адпаведнасьці зь якой у Менску да сьмерці быў зьбіты чалавек. Мяркуючы па наяўнай у нас інфармацыі, ён быў зьбіты сілавікамі ў масках. Мы выказваем глыбокія спачуваньні яго сям'і, сябрам і ўсяму беларускаму народу. Мы ўзрушаныя тым, што адбылося, і лічым, што неабходна тэрмінова правесьці незалежнае расьсьледаваньне гэтай справы», — гаворыцца ў заяве.

«Маштабы гвалту і рэпрэсіяў з боку ўладаў Беларусі шакуюць. Хацеў бы яшчэ раз падкрэсьліць неаднаразова сказанае ў дачыненьні да Беларусі, а менавіта, што Фэдэральны ўрад рашуча асуджае гвалт і рэпрэсіі. Мы з глыбокай занепакоенасьцю адзначаем, што ўжываньне гвалту да мірных дэманстрантаў з боку дзяржавы апошнім часам зноў узрасло», — падкрэсьліў прадстаўнік МЗС ФРГ і дадаў, што сьмерць Рамана Бандарэнкі — трагічнае і нагляднае гэтаму пацьвярджэньне.

У іншых выпадках, працягнуў ён, лічбы таксама гавораць самі за сябе.

«Толькі ў мінулую нядзелю было арыштавана больш за 1000 чалавек. Былі распачатыя сотні крымінальных спраў супраць мірных дэманстрантаў толькі таму, што яны бралі ўдзел у пратэстах. Гэта непрымальна, і гэта, цалкам зразумела, супярэчыць тым абавязаньням, якія Беларусь узяла на сябе ў рамках АБСЭ», — падкрэсьліў намесьнік сьпікера Фэдэральнага міністэрства замежных спраў.

«Таму мы зноў і зноў заклікаем Беларусь прыняць нарэшце прапановы па ўступленьні ў дыялёг са сваім насельніцтвам, правесьці незалежнае расьсьледаваньне шматлікіх парушэньняў правоў чалавека і аддаць пад суд вінаватых», — падсумаваў прадстаўнік МЗС ФРГ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG