Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забойства Рамана Бандарэнкі: ілюзіяў больш няма


Менск. Акцыя памяці Рамана Бандарэнкі, які загінуў пасьля таго, як быў пабіты невядомымі і дастаўлены ў міліцыю. «Двор перамен» каля дома, дзе жыў Раман Бандарэнка.

Пасьля забойства Рамана Бандарэнкі ў людзей зьнікаюць апошнія ілюзіі наконт плянаў Лукашэнкі на блізкую будучыню: гвалт ня спыніцца.

Ды ён і не спыняўся ўсе дваццаць шэсьць гадоў, проста ў 2020-м маштаб стаў такі, што гэта ўбачылі ўсе без вынятку.

Калі Лукашэнка заявіў, што ў пэўных сытуацыях можна не зважаць на закон, то запусьціў мэханізм штодзённага правакаваньня грамадзянаў на сымэтрычныя дзеяньні ў адказ.

Сьцісла:

  • Лукашэнку абсалютна няма чаго губляць. Як вынік: асабіста яго ня спыніш ні санкцыямі, ні пагрозай развалу ўсёй беларускай эканомікі. Таму трагічныя гісторыі са сьмерцямі і калецтвамі мірных грамадзянаў могуць (і, відаць, будуць) працягвацца.
  • Усе без вынятку рэвалюцыі перамагаюць пры ўмове расколу кіроўных элітаў, вуліца толькі дапамагае: каталізуе і штурхае працэс. У адрозьненьне ад Лукашэнкі, тыя, хто яго падтрымлівае, могуць уцячы за мяжу. Але яны гатовыя пэўны час быць узброенай меншасьцю.
  • Нягледзячы на забойствы мірных пратэстоўцаў у жніўні, беларускае грамадзтва не гатовае прыняць той факт, што Лукашэнка ўжо вядзе вайну супраць грамадзянаў. Сьмерць Рамана Бандарэнкі таму пацьверджаньне. Забойства жыхара «плошчы Пераменаў» ускалыхнула ўсю Беларусь.
  • Мірны пратэст у кожны момант можа перастаць быць мірным. У людзей элемэнтарна здаюць нэрвы. Хутчэй за ўсё, сьвет зразумее абарончыя захады беларусаў. У кожным разе, пратэст зробіцца больш зацяты, бо ў асобе Рамана Бандарэнкі людзі бачаць сябе і сваіх блізкіх.

Калі Раман Бандарэнка яшчэ быў жывы, хоць і заставаўся ў крытычным стане, адзін мой знаёмы сказаў:

«Калі гэты хлопец загіне, я буду лічыць, што Лукашэнка абвясьціў вайну».

Я спытаўся: маўляў, а як жа тыя, хто загінуў у жніўні? Знаёмы адказаў, што тады яму сьмерці мірных пратэстоўцаў падаваліся выпадковымі.

Я мяркую, што і цяпер сьмерць Рамана Бандарэнкі ня значылася ў плянах людзей у балаклавах. Хутчэй за ўсё, яны хацелі «толькі пакалечыць» захопленага ў палон мірнага жыхара.

Але ж Лукашэнка запусьціў прынцып «можна і без закону». Не чакаючы рэакцыі Лукашэнкі, «органы» пачалі лявіраваць у справе забойства Рамана Бандарэнкі. Зьбівалі яго «невядомыя» — раз. У крыві «знайшлі алькаголь» — два.

У час інтэрнэту хлусіць «як раней» не выпадае. Алькаголь абверглі інсайдам з бальніцы. Хоць якая розьніца — што, чалавека нападпітку можна зьбіваць да сьмерці?

Выглядае, што супрацоўнікі сілавых структураў уцягваюцца ў працэс павелічэньня гвалту. Можа, ня ўсе, але многія маюць ужо азарт. Зрэшты, хто разумнейшы, той, магчыма, плянуе, куды ўцякаць у выпадку паразы Лукашэнкі.

Лукашэнка і ўсяго ягоная «раць» цяпер перад выбарам: прызнаць выканаўцамі забойства «выпадковых неапазнаных» людзей — даць зялёнае сьвятло і далей калечыць і забіваць затрыманых. Але адначасова падштурхнуць людзей да самаабароны.

Выходзячы на акцыі памяці Рамана Бандарэнкі, людзі выходзяць бараніць сябе і сваіх блізкіх. Хутка «знайсьці» забойцаў — фактычна выдаць сваіх. Гэта будзе сыгналам для супрацоўнікаў «органаў»: ня ўсё так гладка, як абяцае ім правадыр.

Як варыянт, справу паспрабуюць забалбатаць, цягнуць час у спадзеве, што хутка «гэта ўсё» скончыцца, гвалт пераможа, пратэст будзе здушаны. Але гвалт будзе толькі распаляць пратэст. Беларусы ў масе сваёй праходзяць «курс маладога грамадзяніна», дзе месяц варты некалькіх гадоў.

Людзі збольшага ўжо забыліся пра выбары і падман на іх. У самых далёкіх ад «палітыкі» людзей валасы ўстаюць дыбарам ад штодзённай інфармацыі пра гвалт з боку ўлады. І жаданьне выратаваць сябе ад беззаконьня толькі яднае людзей.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG