Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Стаў летапісцам рэпрэсій у сувэрэннай Беларусі. Журналіст Алег Грузьдзіловіч — на Акрэсьціна


Алег Грузьдзіловіч

Увечары 10 лістапада міліцыянты затрымалі дома 61-гадовага журналіста Алега Грузьдзіловіча. Яго вінавацяць ва ўдзеле ў «несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве​» 25 кастрычніка ў Менску, хоць ​ён выконваў прафэсійныя абавязкі журналіста. Цяпер чакае суду ў ізалятары на Акрэсьціна. Расказваем пра Алега.

Алег Грузьдзіловіч стаў адметнай асобай у беларускай журналістыцы яшчэ ў часы перабудовы. У 1988 годзе, працуючы адказным сакратаром газэты «Знамя юности» (у тую пару самага масавага і аўтарытэтнага выданьня БССР з накладам 800 000 асобнікаў) ініцыяваў сход рэдкалегіі, якая пастанавіла не выконваць загад ЦК КПБ аб перадруку антыперабудовачнага артыкула з расейскай прэсы «Не могу поступаться принципами».

У 1995 годзе звольніўся зь дзяржаўнай «Народнай газеты», пасьля таго як зьнялі ягоны рэпартаж аб зьбіцьці апазыцыйных дэпутатаў Вярхоўнага Савету, якія пратэставалі супраць рэфэрэндуму аб дзяржаўных сымбалях і статусе мовы.

Тады ж прыйшоў на Радыё Свабода. Таксама супрацоўнічаў з самай масавай беларускамоўнай незалежнай газэтай «Свабода» (галоўны рэдактар Ігар Гермянчук), якую ўлады забаранілі ў 1997 годзе.

Міліцыянт правярае дакумэнты Алега Грузьдзіловіча, 2016 год
Міліцыянт правярае дакумэнты Алега Грузьдзіловіча, 2016 год

За чвэрць стагодзьдзя Алег Грузьдзіловіч асьвятляў сотні судовых працэсаў над палітвязьнямі, вёў рэпартажы са шматлікіх санкцыянаваных і несанкцыянаваных масавых акцый, апісваў лёс знакавых асобаў у беларускай палітыцы, якія сталі ахвярамі аўтарытарнага рэжыму.

За гэтыя дзесяцігодзьдзі Алега неаднаразова затрымлівалі супрацоўнікі спэцслужбаў і міліцыі пры выкананьні журналісцкіх абавязкаў. Але ніколі раней не даходзіла да арышту і судовага перасьледу.

Алег Грузьдзіловіч — аўтар кнігі «Хто ўзарваў менскае мэтро» (PDF), пераможца конкурсу Праваабарончага альянсу Беларусі за 2009 год у намінацыі «Журналіст году».

Алег Грузьдзіловіч з кнігай пра тэракт у менскім мэтро
Алег Грузьдзіловіч з кнігай пра тэракт у менскім мэтро

Меў акрэдытацыю карэспандэнта Радыё Свабода ад МЗС Беларусі да 29 жніўня 2020 году, калі ўлады пазбавілі права на працу чатырох карэспандэнтаў Свабоды. Алег працягнуў супрацу зь незалежнымі беларускімі СМІ. 25 кастрычніка 2020 году Алег Грузьдзіловіч меў рэдакцыйнае заданьне для працы на акцыі пратэсту ад газэты «Народная Воля».

Жанаты. Мае трох сыноў.

Публікацыі Алега Грузьдзіловіча на Свабодзе

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG