Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Генпракурор ЗША ўпаўнаважыў пракурораў расьсьледаваць меркаваныя парушэньні на выбарах


Уільям Бар

Генэральны пракурор ЗША Уільям Бар упаўнаважыў фэдэральных пракурораў краіны расьсьледаваць «істотныя абвінавачаньні» ў парушэньнях пры галасаваньні, да таго як вынікі прэзыдэнцкіх выбараў будуць сэртыфікаваныя.

Пра гэта паведамляе «Голас Амэрыкі».

Бар прыняў гэтае рашэньне празь некалькі дзён пасьля таго, як СМІ абвясьцілі дэмакрата Джо Байдэна пераможцам у барацьбе за Белы дом.

Дональд Трамп не прызнаў сваёй паразы і заявіў замест гэтага пра існаваньне маштабнай змовы дэмакратаў, якая ахоплівае некалькі штатаў, з мэтай сказіць вынікі галасаваньня на карысьць Байдэна.

Дэмакраты назвалі гэтыя абвінавачаньні цалкам неабгрунтаванымі.

У мэмарандуме, накіраваным фэдэральным пракурорам, Бар адзначыў, што расьсьледаваньні «могуць праводзіцца, калі ёсьць выразныя і вартыя даверу сьцьвярджэньні аб парушэньнях, якія, у выпадку іх пацьверджаньня, патэнцыйна могуць паўплываць на вынік фэдэральных выбараў у асобным штаце».

Юрыст штабу былога віцэ-прэзыдэнта Джо Байдэна Боб Баўэр заявіў у панядзелак, што, «на вялікі жаль, генэральны пракурор Бар вырашыў выдаць мэмарандум, які будзе толькі спрыяць распаўсюду заяваў, якія ўводзяць у зман, спэкулятыўных, вычварных або надуманых».

Штаты павінны ўрэгуляваць рознагалосьсі ў справе выбараў, уключаючы пералік галасоў і судовыя спрэчкі, да 8 сьнежня. Чальцы калегіі электараў сустракаюцца 14 сьнежня для канчатковага падвядзеньня вынікаў выбараў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG