Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе з курсам даляра ў Беларусі пасьля выбараў у ЗША


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

А таксама як яны могуць закрануць беларускую эканоміку. Разважаем з экспэртамі.

Трэцяга лістапада ў ЗША праходзяць прэзыдэнцкія выбары, супернік дзейнага прэзыдэнта Дональда Трампа — прадстаўнік дэмакратычнай партыі Джо Байдэн. Ён ужо выказваўся пра ўзмацненьне санкцый супраць Расеі і Беларусі ў выпадку сваёй перамогі.

Ці адаб’ецца вынік выбараў на курсе даляра

Фінансавыя рынкі ўжо падрыхтаваныя да розных варыянтаў вынікаў выбараў, упэўнены фінансавы аналітык «Альпары Эўразія» Вадзім Іосуб.

«Усе фінансавыя рынкі загадзя ацэньваюць будучыя падзеі. Калі ўявіць, што пераможа Байдэн, на рынках асабліва нічога не адбудзецца, з пункту гледжаньня кошту даляра адносна іншых валют. Апошняе падзеньне расейскага рубля, якое прывяло да росту даляра ў Беларусі, якраз і было ад чаканьня перамогі Байдэна», — мяркуе Вадзім Іосуб.

Калі наадварот, пераможа Дональд Трамп, то «нічога радыкальнага з валютамі не адбудзецца». Пры гэтым магчымае «ўзнаўленьне расейскага рубля, а даляр будзе зьніжацца адносна беларускага рубля».

Паводле эканаміста Beroc Дзьмітрыя Крука, на курс расейскага рубля можа паўплываць чаканьне санкцыяў ад ЗША, што закране і курс даляра ў Беларусі.

«Гэта істотная рызыка для беларускай эканомікі, бо наш курс вымушаны рухацца ўсьлед за расейскім рублём. Гэтыя ваганьні пагаршаюць фінансавыя паказьнікі прадпрыемстваў, якія і так знаходзяцца ў ненайлепшым стане», — кажа Дзьмітры Крук.

Ці ўдараць амэрыканскія санкцыі па эканоміцы Беларусі

За студзень — красавік таваразварот паміж Беларусьсю і ЗША склаў 509 мільёнаў даляраў і зьнізіўся ў параўнаньні зь мінулым годам на 12,8%. Джо Байдэн казаў пра пашырэньне санкцый супраць Беларусі, але, на думку Дзьмітрыя Крука, хуткага ўплыву на эканоміку ад гэтага ня будзе.

«Ёсьць заявы пра санкцыі, але гэта не імгненны працэс, гэта расьцягнецца мінімум на тыдні, максымум на месяцы, таму ўплыў ад гэтага калі і будзе, то вельмі павольны», — мяркуе Дзьмітры Крук.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG