Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЗША пачалося галасаваньне на выбарах прэзыдэнта


У ЗША сёньня дзень выбараў прэзыдэнта. У іх удзельнічаюць цяперашні прэзыдэнт-рэспубліканец Дональд Трамп і былы віцэ-прэзыдэнт, дэмакрат Джо Байдэн, які пакляўся «перамагчы вірус» і аб’яднаць краіну.

Першы ўчастак на выбарах прэзыдэнта ЗША пачаў працаваць у пасёлку Дыксвіл-Нотч (штат Нью-Гэмпшыр) адразу пасьля поўначы. Усе пяцёра мясцовых выбарнікаў прагаласавалі за Байдэна, паведамляецца ў Twitter галасаваньня.

У панядзелак абодва кандыдаты правялі сустрэчы ў некалькіх штатах, якія могуць вызначыць зыход выбараў.

77-гадовы Байдэн пачаў свой дзень у Агаё, дзе ён зноў раскрытыкаваў барацьбу Трампа з пандэміяй. «Заўтра ў нас ёсьць магчымасьць пакласьці канец прэзыдэнцтву, якое падзяліла гэтую нацыю», — сказаў Байдэн. З Агаё кандыдат ад Дэмакратычнай партыі адправіўся ў Пэнсыльванію, дзе Байдэн наперадзе ў апошніх апытаньнях, але дзе ў 2016 годзе перамог Трамп. На Пэнсыльванію прыпадае 20 з 270 неабходных для абраньня галасоў выбарнікаў.

У Пітсбургу Байдэн сустрэўся з чальцамі прафсаюзу і афраамэрыканскімі выбарнікамі. Там у рамках аўтапрабегу да Байдэна далучылася поп-зорка Лэдзі Гага.

74-гадовы Трамп напярэдадні асноўнага дня галасаваньня наведаў Паўночную Караліну, дзе ідзе напружаная барацьба паміж кандыдатамі, а таксама Мічыган, Вісконсін і Пэнсыльванію, дзе ў апытаньнях наперадзе Байдэн.

На мітынгу ў Паўночнай Караліне прэзыдэнт ЗША сказаў, што яго не турбуе нізкі рэйтынг у параўнаньні зь ягонымі канкурэнтам і паабяцаў выйграць у любым выпадку. «Галасаваньне за Байдэна — гэта галасаваньне за тое, каб аддаць кантроль над урадам глябалістам, камуністам, сацыялістам, багатым лібэральным крывадушнікам, якія хочуць прымусіць вас замаўчаць, падвергнуць цэнзуры», — сказаў Трамп.

Звычайна імя пераможцы становіцца вядомым да публікацыі афіцыйных вынікаў выбараў: СМІ робяць ацэнкі на аснове дадзеных з асобных участкаў. Сёлета рэкордная колькасьць людзей прагаласавала датэрмінова — 97 мільёнаў выбарнікаў. Паколькі многія бюлетэні былі адпраўленыя па пошце, падлік галасоў у некаторых штатах можа заняць больш часу, чым звычайна.

Трамп раскрытыкаваў пастановы судоў, якія дазваляюць падлік бюлетэняў, праштампаваных да дня выбараў, і якія паступяць праз пэўны час пасьля гэтага.

Прэзыдэнт даў зразумець, што яго перадвыбарчы штаб мае намер аспрэчваць у судзе падлік завочна пададзеных галасоў у Пэнсыльваніі. На мінулым тыдні рашэньне ў гэтым пытаньні прыняў Вярхоўны суд. «Як толькі скончацца выбары, нашы юрысты пачнуць дзейнічаць», — сказаў прэзыдэнт журналістам перад мітынгам у Паўночнай Караліне.

Паводле парталу навінаў Axios, прэзыдэнт сказаў сваім набліжаным, што мае намер абвясьціць аб перамозе ў аўторак вечарам, нават калі вынікі ў калегіі электараў будуць нявызначанымі. Трамп катэгарычна абверг гэтае сьцьвярджэньне.

Байдэн, камэнтуючы гэтыя паведамленьні, заявіў: «Прэзыдэнт не скрадзе выбары».

Нацыянальныя апытаньні па-ранейшаму паказваюць, што Байдэн апярэджвае Трампа прыкладна на 8 працэнтных пунктаў.

У рамках гэтых выбараў амэрыканскія выбарнікі таксама вызначаць, хто зойме ўсе 435 месцаў у Палаце прадстаўнікоў, 35 з 100 месцаў у Сэнаце, 11 губэрнатарскіх пастоў і розныя пасады ў мясцовых органах улады. Акрамя таго, праводзяцца рэфэрэндумы аб шэрагу пытаньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG