Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Студэнты 15 беларускіх ВНУ запатрабавалі спыніць рэпрэсіі ў навучальных установах


Страйк студэнтаў БДУ, Менск, 26 кастрычніка 2020 году.
Страйк студэнтаў БДУ, Менск, 26 кастрычніка 2020 году.

Ціск на студэнтаў, выкладчыкаў і супрацоўнікаў навучальных устаноў недапушчальны гэтаксама, як недапушчальныя любыя ўльтыматумы, «заснаваныя на ўмовах спыненьня акцый», гаворыцца ў сумеснай заяве прадстаўнікоў 15 найбуйнейшых беларускіх ВНУ, якое распаўсюдзіла сёньня студэнцкая ініцыятыўная група. Адкрыты зварот цытуе БелаПАН.

«Выказваньне сваёй пазыцыі шляхам удзелу ў маніфэстацыі і акцыях — наша канстытуцыйнае права. Ніводзін чалавек не павінен карацца і перасьледвацца за іншадумства», — заявілі студэнты.

Студэнцкая ініцыятыўная група заклікала кіраўніцтва ВНУ неадкладна спыніць перасьлед сваіх калег і студэнтаў з палітычных матываў, аднавіць усіх адлічаных студэнтаў, звольненых выкладчыкаў і супрацоўнікаў, адмяніць усе вынесеныя вымовы і публічна папрасіць прабачэньня за ціск.

«Мы верым, што акадэмічная супольнасьць можа стаць прыкладам бязьмежнай салідарнасьці для ўсёй краіны, дзе адзін за ўсіх, а ўсе — за аднаго! Паважаная адміністрацыя, памятайце, што прэзыдэнты прыходзяць і сыходзяць, а народ застаецца», — гаворыцца ў заяве.

У адзіную студэнцкую ініцыятыўную групу ўвайшлі прадстаўнікі:

  • Беларускага дзяржаўнага ўніверсытэту (БДУ),
  • Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі (БДУІР),
  • Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту (МДЛУ),
  • Беларускага дзяржаўнага медыцынскага ўнівэрсытэту (БДМУ),
  • Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту (БНТУ),
  • Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту культуры і мастацтваў (БДУКМ), Беларускага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту (БДТУ),
  • Горадзенскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (ГрДУ),
  • Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў (БДАМ),
  • Баранавіцкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту (БарДУ),
  • Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту (БДЭУ),
  • Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту (БДПУ),
  • Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь,
  • Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту фізычнай культуры (БДУФК),
  • Віцебскага дзяржаўнага тэхналягічнага ўнівэрсытэту (ВДТУ).

Пасьля таго, як Аляксандар Лукашэнка 27 кастрычніка заявіў, што студэнтаў і выкладчыкаў, якія выходзяць на пратэставыя акцыі, ва ўнівэрсытэтах быць не павінна, у ВНУ пачаліся масавыя адлічэньні і звальненьні.

Усяго адлічылі каля сотні студэнтаў, вымушаныя былі пакінуць працоўныя месцы выкладчыкі некаторых ВНУ.

З 1 верасьня ў вядучых ВНУ Беларусі практычна штодня праходзяць акцыі салідарнасьці. Студэнты і выкладчыкі зьбіраюцца на лесьвічных пралётах, у холах, каля ўваходаў у будынкі ВНУ. Яны сьпяваюць песьні, пляскаюць, стаяць зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і плякатамі, якія выказваюць пратэст супраць фальсыфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG