Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Упаў і разьбіў нос». У МУС пракамэнтавалі заявы непаўналетніх студэнтаў пра зьбіцьцё пры затрыманьні


Кроў аднакурсьнікаў на куртцы студэнткі пасьля таго, як яны на ёй паляжалі ў міліцэйскім бусе

У Міністэрстве ўнутраных спраў заявілі, што некаторыя СМІ «паспрабавалі сказіць інфармацыю» пра «жорсткае зьбіцьцё» студэнтаў пры затрыманьні.

«Падчас спыненьня супрацьпраўных дзеяньняў чацьвёра маладых людзей аказалі супраціў і паспрабавалі схавацца. Адзін са студэнтаў, уцякаючы ад праваахоўнікаў, упаў і разьбіў нос», — гаворыцца ў паведамленьні МУС.

Паводле МУС, студэнтаў затрымалі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Пасьля разглядаў і складаньня пратаколаў маладых людзей «перадалі бацькам і кіраўніцтву ВНУ, прэтэнзій і скаргаў на дзеяньні міліцыянтаў не паступала».

Пяць 17-гадовых студэнтаў сталічнага ўнівэрсытэту былі затрыманыя 27 кастрычніка пасьля акцыі салідарнасьці са студэнтамі, якія страйкуюць, у дворыку БДУ паміж юрфакам і хімфакам.

Што расказалі самі студэнты?

Як расказалі самі затрыманыя студэнты Праваабарончаму цэнтру «Вясна», чацьвярых зь іх жорстка зьбілі сілавікі ў міліцэйскім аўтобусе, пасьля чаго ў бальніцы ўсім ім дыягнаставалі страсеньне галаўнога мозгу, а некаторым — чэрапна-мазгавыя траўмы, пералом носа і іншыя траўмы.

«Калі я бег, мне падсеклі ногі, і я ўпаў. Мяне адразу схапілі і панесьлі ў бусік. Пры гэтым ударылі два разы па твары, таму што я спрабаваў падняць галаву. Мяне закінулі ў аўтобус, там ужо была мая аднакурсьніца. З намі ехалі супрацоўнікі, якім па голасе гадоў 20. Яны білі мяне ўвесь час па галаве.

Потым нас перагрузілі ў іншы бусік. Там былі ўжо астатнія хлопцы, зь якімі мы былі каля БДУ. Яны потым расказалі, што іх таксама моцна білі. Мы ўсе ехалі лежачы адзін на адным. На мне ляжалі два чалавекі, хоць вольныя месцы там былі», — сказаў адзін са студэнтаў.

Ён расказаў, што іх білі і прыніжалі ненарматыўнай лексыкай, яго аднакурсьніку разьбілі нос.

У Кастрычніцкім РУУСе на студэнтаў склалі пратаколы па двух артыкулах КаАП: 23.34 (удзел у несанкцыянаванай акцыі) і 23.4 (непадпарадкаваньне міліцыянтам).

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG