Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы добры прафэсіянал, але перайшлі чырвоную рысу». У Пружанах звольнілі сацработніка, які пачаў страйк


Аляксей Карымаў
Аляксей Карымаў

26 кастрычінка Аляксей Карымаў абвясьціў, што далучыўся да народнага страйку, і ня выйшаў на працу. На наступны дзень яго выклікала дырэктарка і паведаміла, што ён звольнены.

«Сказала, што як да прафэсіянала да мяне няма прэтэнзіяў, што добры работнік, але перайшоў чырвоную рысу і таму яна мусіць мяне звольніць», — згадаў Аляксей. Пры гэтым звольненаму супрацоўніку ня выдалі копію загаду. Ён зьбіраецца абскардзіць звальненьне праз суд.

Аляксею Карымаву 39 гадоў. Ён працаваў у Пружанскім цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, вёў кампутарныя гурткі для людзей, старэйшых за 60 гадоў. Адукацыяй Аляксей Карымаў маркетоляг, паступова асвоіў кампутар, можа вучыць працы з сацыяльнымі сеткамі, з «Фоташопам». Выявілася, гэта вельмі запатрабаваныя веды і сярод людзей пэнсійнага ўзросту. Жнівеньскія падзеі ў краіне прывялі ў тым ліку да ўсплёску цікавасьці да сацыяльных сетак, мэсэнджараў.

«Мае вучні, старэйшыя за мяне ўдвая, самі прасілі навучыць іх карыстацца Тelegram-каналамі, а тут такія падзеі. Зразумела, мы іх абмяркоўвалі. Як прайшлі выбары, што адбываецца ў горадзе, у краіне. Зразумела, гэтыя размовы дайшлі і да кіраўніцтва цэнтру. Яшчэ ў сярэдзіне кастрычніка мяне папярэдзілі, каб ня вёў размоў пра палітыку, але ж людзі самі іх заводзяць. Карацей, сказалі, што не зьдзівіліся, што менавіта я пачаў страйк, і не маглі адрэагаваць інакш», — расказаў Аляксей.

Чаму спачатку ад удзелу ў мітынгах устрымліваўся?

Аляксей Карымаў кажа, што лічыць прэзыдэнтам толькі Сьвятлану Ціханоўскую і на яе заклік пайшоў у страйк з галоўным патрабаваньнем — адстаўка Лукашэнкі. Пры гэтым Аляксей Карымаў прызнаецца, што толькі нядаўна пачаў далучацца да пратэстоўцаў, якія з жніўня рэгулярна выходзяць на акцыі ў райцэнтры. Спачатку асьцярожнічаў, бо баяўся звальненьня.

Чаму Аляксей мяркуе, што на выбарах у жніўні перамагла менавіта Сьвятлана Ціханоўская? Звольнены супрацоўнік сацыяльнага цэнтру спасылаецца на тое, што за яе галасавалі ўсе ягоныя сваякі, знаёмыя і большасьць наведнікаў ягоных гурткоў. Думкі прыкладна 25 гурткоўцаў ён пэўна ведае.

Аляксей Карымаў
Аляксей Карымаў

«Недзе палова зь іх галасавалі за Сьвятлану, былі тыя, хто за іншых ці супраць усіх, але толькі пятая частка галасавала за Лукашэнку. Па настроях людзей у Пружанах бачыў прыкладна такі ж расклад. І як пасьля гэтага верыць у 80% Лукашэнкі? Што да мяне, ня веру», — кажа Аляксей.

Аляксей Карымаў мяркуе, што большасьць калегаў у Пружанскім цэнтры абслугоўваньня насельніцтва яго падтрымліваюць, але толькі частка зь іх можа паказаць гэтую падтрымку, бо людзі баяцца наступстваў. Зь яго словаў, яго падтрымлівае і большасьць наведнікаў кампутарных гурткоў, якія ён вёў да звальненьня.

«Абмяркоўваюць, зьбіраць подпісы ці як яшчэ думаюць падтрымаць. Хай вырашаюць самі», — кажа былы выкладчык.

«Адчуваю палёгку, але ўжо сумую па вучнях»

Што Аляксей Карымаў зьбіраецца рабіць далей?

«Магу сказаць дакладна, што не шкадую аб учынку, хоць сумую аб вучнях. Шкада, што больш не змагу дапамагаць сваім падапечным, якія за мяне гэтак непакояцца. Паспрабую пасудзіцца з начальствам, але пакуль ня бачу, што дам рады», — цьвяроза ацэньвае свае шанцы звольнены супрацоўнік сацыяльнай службы.

Аляксею невядомыя выпадкі, каб нехта ў Пружанах яшчэ пайшоў у страйк. Таму на вялікую хвалю салідарнасьці ён не разьлічвае, але і ня лічыць сытуацыю для сябе безнадзейнай.

«У горадзе ўсяго два нармальныя заводы, іх рабочыя да апошняга трымаюцца за працу, гэта можна зразумець. Але сьвядомасьць усё роўна павышаецца, гэта галоўнае. Што да мяне, я не згублюся. З маімі кампутарнымі ведамі, калі трэба, знайду працу ў іншым горадзе, хоць мне Пружаны вельмі падабаюцца. І раён у нас выдатны, адны Ружаны чаго вартыя! Хацеў бы тут жыць заўсёды».

«Зьбіраемся штодня»

У жніўні на мітынгі ў Пружанах зьбіраліся па некалькі соцень пратэстоўцаў. Што цяпер?

Паводле гарадзкой актывісткі Ганны, якая паведаміла Свабодзе пра звальненьне Аляксея Карымава, у горадзе штодня па вечарах зьбіраюцца людзі, якіх аб’яднала барацьба за адстаўку Лукашэнкі і новыя выбары. У мінулую нядзелю ў цэнтар гораду выходзілі некалькі дзясяткаў чалавек; двух хлопцаў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі затрымалі і аштрафавалі.

«У нас больш за 40 чалавек прыцягвалі да адказнасьці, у тым ліку давалі „суткі“ альбо штрафы. Цяпер часьцей штрафуюць, але на вельмі вялікія сумы — на 30 і болей базавых. І ўсё роўна людзі выходзяць. У нас ёсьць гісторыі, калі пацярпелым зьбіраюць грошы на дапамогу і адвакатаў. А гісторыя Аляксея для нас — прыклад, што можна дзейнічаць больш рашуча. Ён наш герой, і без падтрымкі мы яго таксама не пакінем», — сказала Ганна.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG