Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Актыўная фаза страйкаў перарастае ў іншыя формы «партызанскай барацьбы» — Ярашук


Аляксандар Ярашук
Аляксандар Ярашук

«Актыўная фаза страйкаў перарастае ў іншыя формы «партызанскай барацьбы», — гэтак ацаніў бягучую сытуацыю ў інтэрвію БелаПАНу старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП) Аляксандар Ярашук.

«У аўторак у параўнаньні з панядзелкам стала цішэй, што датычыцца прадпрыемстваў. Але нішто нікуды не падзелася, зьнешнія праявы пратэсту сышлі ўглыб, у тым ліку ў сабатаж, „італьянскі страйк“», — сказаў Ярашук.

Ён заўважыў, што на прахадных буйных прадпрыемстваў цяпер дзяжурыць АМАП. «Рабочыя і так не былі настроеныя масава пратэставаць. Гэтыя страйкі мы больш карэктна называем акцыямі пратэсту. Гэта тое, што могуць дазволіць сабе працоўныя. Усё трансфармавалася ў сабатаж, на працоўных месцах людзі праводзяць «італьянскія страйкі». У той ці іншай форме гэта праяўляецца на ўсіх прамысловых прадпрыемствах. Можна назваць для прыкладу і МАЗ, і Менскі электратэхнічны завод. Страйк у клясычнай форме праходзіць на «Гродна Азоце», — адзначыў прафсаюзны лідэр.

«Ня ведаю, які будзе працяг, але можна казаць, што, хутчэй за ўсё, усе акцыі будуць насіць хвалепадобны характар. Гэты як заснулы вулькан, які час ад часу выкідае клубы пары і попелу», — заўважыў ён.

Ярашук адзначыў, што прычыны, якія спарадзілі напружанасьць у грамадзтве, не зьнікаюць.

«Улады імкнуцца вырашаць праблему адзіным спосабам — запалохваньнем рабочых, сілавой расправай, прымусам у розных формах, у тым ліку рэпрэсіямі, уключаючы справы аб адміністрацыйных правапарушэньнях, звальненьні актывістаў і гэтак далей», — заўважыў кіраўнік БКДП.

Паводле Ярашука, усё гэта будзе працягвацца да таго часу, пакуль не адбудзецца транзыт улады.

«Але рэжым ні ў якай форме ня мае намеру мяняць сваю палітыку і стратэгію, ня мае намеру садзіцца за стол перамоваў і весьці дыялёг для выхаду з вострага палітычнага і сацыяльна-эканамічнага крызісу. Таму мы можам зрабіць прагноз, што тычыцца рэальнага сэктару эканомікі: мы будзем назіраць акцыі пратэсту, якія будуць выяўляцца ў своеасаблівай форме „партызанскай барацьбы“. Таму што такія формы для працоўных больш бясьпечныя і звыклыя», — адзначыў Ярашук.

Пры гэтым ён падкрэсьліў, што пратэстуюць ня толькі рабочыя на прадпрыемствах, але і студэнты, навучэнцы каледжаў.

«Прыватны бізнэс таксама пратэстуе. Іх дзеяньні накіраваныя на тое, каб нанесьці як мага большую шкоду сыстэме дзяржкіраваньня, бо закрыцьцё кафэ, цырульняў і іншых аб’ектаў сфэры паслуг азначае нявыплату падаткаў у бюджэт. У сфэры абслугоўваньня занята больш за 50% работнікаў. Краіна будзе страчваць істотныя паступленьні ў бюджэт, і гэта будзе сурʼёзна дэстабілізаваць усю сыстэму ўлады і таксама няўхільна набліжаць краіну да разьвязкі», — падсумаваў Аляксандар Ярашук.

У сваю чаргу, старшыня Беларускага незалежнага прафсаюзу Максім Пазьнякоў у інтэрвію БелаПАН выказаў думку, што сытуацыя са страйкамі вырашыцца ў бліжэйшыя дні.

«Зараз вельмі шмат што вырашаецца на „Гродна Азоце“. Калі хлопцы там выстаяць і працягнуць страйкаваць, то па ланцужку можа страйк перакінуцца і на астатнія прадпрыемствы», — лічыць Пазьнякоў.

«Але пакуль мы бачым ціск з боку адміністрацыяў прадпрыемстваў на спробы сабрацца. Ніхто ня кажа ў адкрытую, што будзе страйкаваць, усе пляны ў людзей у галаве, і яны спрабуюць іх ажыцьцявіць, таму ў бліжэйшыя дзень-два ўсё вырашыцца — альбо страйкавы рух пашырыцца, альбо, наадварот, заціхне», — сказаў прафсаюзны лідэр.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG