Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адміністрацыя Менскага маторнага заводу звольніла прафсаюзнага актывіста, які ладзіў страйк, а міліцыя яго затрымала


Андрэй Комлік-Ямацін

Звольнілі старшыню нізавой арганізацыі РЭП на Менскім маторным заводзе Андрэя Комліка-Ямаціна. Пакуль ён зьбіраў рэчы, яго затрымалі і адвезьлі Партызанскі РУУС.

Ігар Комлік, прафсаюзны актывіст і бацька Андрэя, у камэнтары для Свабоды ўдакладніў, што сына, мяркуючы па ўсім, будуць судзіць паводле артыкула 23.34 КаАП. Прынамсі ў міліцыі яму сказалі забраць асабістыя рэчы сына.

Прычынай звальненьня, на перакананьне Ігара Комліка, стала прафсаюзная дзейнасьць Андрэя. Усё пачалося яшчэ 14 жніўня, калі матарысты ладзілі акцыю супраць фальсыфікацыі выбараў і жорсткасьці сілавікоў, у якой удзельнічалі блізу 700 чалавек.

«Будзем абскарджваць рашэньне, бо гэта перасьлед за актыўнасьць, — кажа ён. — Фармальнай прычынай стаў „перабор вымоваў“. Спачатку за жнівеньскія падзеі, калі масава выйшлі рабочыя, а страйк ня быў прызнаны. Пасьля павесілі ледзь не падбухторваньне да сабатажу. Нарэшце, напісаў заяву на імя дырэктара, каб у вольны час мог наведваць прадпрыемства і кантраляваць выкананьне тэхнікі бясьпекі і г. д. У адказ заблякавалі пропуск. Тады застаўся для сустрэчы з чальцамі прафсаюзу. Расцанілі як парушэньне працоўнага заканадаўства».

26 кастрычніка каля 50 работнікаў маторнага заводУ зладзілі на тэрыторыі сход, на якім абмеркавалі магчымасьць страйку. І хоць гэта адбылося ў абедзенны перапынак, Комлік-Ямацін паплаціўся працай.

Міліцыянты, якія забіралі Андрэя Комліка-Ямаціна, нефамальна выказалі бацьку сваю вэрсію затрыманьня — маўляў, усё ад таго, што той «ня любіць Лукашэнку».

«Я ім адказаў, што і сам, мякка кажучы, ня вельмі люблю і Лукашэнку, і людзей у пагонах, — гаворыць Ігар Комлік. — І дадаў, што ў нейкім сэнсе мне нават сорамна, што ў маладосьці марыў стаць міліцыянтам ці супрацоўнікам сьледчых органаў».

У 2017 годзе Андрэй Комлік-Ямацін праходзіў падазраваным у так званай «справе патрыётаў». Разам з жонкай Настай яны выраблялі адзеньне ў нацыянальным беларускім стылі. Справа неўзабаве развалілася.

У другой палове дня Ігар Комлік сам зьбіраецца ў Фрунзэнскі РУУС Менска, дзе мусіць даць тлумачэньні за акцыю 13 верасьня.

У свой час прафсаюзныя актывісты Ігар Комлік і Генадзь Фядыніч абвінавачваліся Дэпартамэнтам фінансавых расьсьледаванняў КДК ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. У 2018 годзе абодвух асудзілі на 4 гады хатняй хіміі. Актывісты былі прызнаныя палітычнымі зьняволенымі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG