Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Украіна за гандаль зь Беларусьсю, акрамя прадпрыемстваў, падкантрольных Расеі», — міністар замежных спраў Кулеба


Кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітры Кулеба
Кіраўнік МЗС Украіны Дзьмітры Кулеба

Эканамічнае супрацоўніцтва паміж Украінай і Беларусьсю павінна захавацца, за выключэньнем прадпрыемстваў, дзе ўмацоўваецца кантроль з боку Расеі, лічыць міністар замежных спраў Украіны Дзьмітры Кулеба.

«У нас глыбокі і разьвіты гандаль. У некаторых пытаньнях ён крытычна важны як для беларускай, так і для ўкраінскай эканомікі і бясьпекі. У нас сур’ёзнае ўзаемадзеяньне ў вайскова-тэхнічнай сфэры. Таму я — за захаваньне гандлю, эканамічнага супрацоўніцтва. Пры адным выключэньні. Калі мы бачым, што на нейкім беларускім прадпрыемстве ўмацоўваецца кантроль з боку Расеі і расейскіх спэцслужбаў, тады мы павінны ў кожным канкрэтным выпадку ацэньваць рызыку, якая ўзьнікае для Ўкраіны», — сказаў Дзьмітры Кулеба Інтэрфаксу.

Кіеў і Менск разышліся палітычна

Паводле міністра, нягледзячы на тое, што Кіеў і Менск разышліся палітычна, нельга выступаць супраць дабрабыту народаў:

«Умоўна кажучы, нейкае прадпрыемства Беларусі нешта вырабляе для нашага вайскова-прамысловага комплексу. Калі мы ведаем, што туды зайшлі расейцы і пачалі ўплываць на дзейнасьць прадпрыемства, нам трэба ацаніць, што мы гатовыя нешта там закупляць. Аднак гэта не павінна быць сэктаральнай гісторыяй, трэба ацэньваць рызыкі, якія ўзьнікаюць. Хоць палітычна мы разышліся, ніхто не павінен выступаць супраць дабрабыту беларускага і ўкраінскага народаў, а дабрабыт узьнікае праз агульны гандаль», — сказаў міністар Кулеба.

Украіна далучаецца да эўрапейскіх санкцый супраць уладаў Беларусі

Кулеба адзначыў, што цяпер Украіна знаходзіцца ў працэсе далучэньня да санкцый Эўразьвязу супраць уладаў Беларусі, якія не закранаюць асабіста Аляксандра Лукашэнкі.

«Далучэньне да санкцый — гэта пэўны юрыдычны працэс. Я падпісаў ліст на гэтую тэму, працэдура працягваецца. Цяпер на стале ў нас далучэньне да санкцыйнага сьпісу Эўразьвязу, у якім Лукашэнкі няма. Я не падтрымліваю ідэю сэктаральных санкцый, гэта мая асабістая пазыцыя. У прынцыпе, іх цяпер ніхто і ня ўводзіць, і мы самі не разглядаем такой опцыі. Але лічым, што тыя, хто ўчыніў гвалт у адносінах да пратэстоўцаў, мусяць за гэта адказаць шляхам прымяненьня да іх санкцый», — падкрэсьліў Дзьмітры Кулеба.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG