Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расеец, які адсядзеў 14 сутак на Акрэсьціна: «У Менску я адчуў уздым нацыянальнай самасьвядомасьці»


Раман Завадоўскі
Раман Завадоўскі

Расеец Раман Завадоўскі расказаў расейскай Свабодзе пра свае ўражаньні ад адбываньня адміністрацыйнага арышту ў турме на Акрэсьціна.

Расеец Раман Завадоўскі двойчы пабываў у Менску падчас пратэстаў, якія пачаліся пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. У пачатку кастрычніка яго затрымалі на прыпынку побач з гандлёвым цэнтрам. Пасьля яго абвінавацілі ва ўдзеле, як гаворыцца ў дакумэнтах суду, у «масавых мерапрыемствах», на якія не было атрымана дазволу «мясцовага выканаўчага і распарадчага органа» і прысудзілі да 14 сутак адміністрацыйнага арышту.

У матэрыялах справы прыводзяцца нават паказаньні сьведак, нібыта бачылі Рамана падчас шэсьця. Сам ён сваю віну не прызнаў.

Завадоўскі кажа, што паколькі людзей затрымліваюць у Менску на вуліцах нават не абавязкова падчас акцый пратэсту, а проста так, многія баяцца выходзіць на вуліцу па выхадных: «Сілавікі наганяюць на людзей страх, сьведкам чаго я і стаў», — кажа ён.

У інтэрвію Свабодзе Завадоўскі расказаў сваю гісторыю:

— Мяне затрымалі каля стэлы «Менск — горад-герой», дзе ўжо традыцыйна зьбіраюцца зь мірным пратэстам людзі. Я ішоў адзін і быў затрыманы амапаўцамі. Я ня стаў супраціўляцца. Мяне адвезьлі ў РУУС. Там на мяне па-хуткаму склалі пратакол, што я нібыта зьяўляюся ўдзельнікам несанкцыянаванага мітынгу, хоць у момант затрыманьня ніякага мітынгу не было. Я не трымаў ніякай сымболікі, нічога не выкрыкваў.

Я прыйшоў як назіральнік, як чалавек неабыякавы, салідарны зь беларускім грамадзтвам. У мяне знайшлі бел-чырвона-белы сьцяг, які быў у маім заплечніку. Гэта, я думаю, і стала падставай для майго затрыманьня і прад'яўленьня абвінавачаньня. Спачатку мяне зьмясьцілі ў камэру папярэдняга ўтрыманьня. Нас там было чалавек дзесяць. Я правёў там каля пяці гадзін. У камэру прыводзілі пабітых людзей. Аднаго чалавека прывялі проста ў недзеяздольным стане. Ён ужо ў той момант меў патрэбу ў мэдычнай дапамозе. І ўсе, хто знаходзіўся ў камэры, спрабавалі прыцягнуць увагу супрацоўнікаў РУУС, каб чалавеку была аказаная мэдычная дапамога. Мэдычнай дапамогі мы не дачакаліся.

Першая старонка судовай пастановы ў справе Завадоўскага
Першая старонка судовай пастановы ў справе Завадоўскага

Увечары нас у грубай форме пагрузілі ў аўтазакі. Пры гэтым пагрозьліва выкрыквалі, што трэба бегчы хутчэй у аўтазак. А таму маладому чалавеку, які быў зьбіты, пачалі казаць, што ён сымулюе, і яшчэ дадаткова пачалі біць. Самае жорсткае, што я ўбачыў з боку амапаўцаў — гэта была паездка ў аўтазаку. За ўсё гэтае 14-дзённае знаходжаньне ў турме на Акрэсьціна гэтая паездка ў аўтазаку з РУУС да Акрэсьціна была самай жорсткай. Людзям проста разьбівалі галовы за тое, што... Дапусьцім, пыталіся: «Хадзіў на выбары?» Чалавек кажа: «Так, я хадзіў на выбары». — «За каго галасаваў?» — «Я галасаваў за Сьвятлану Ціханоўскую». І гэта зьяўлялася дастатковай падставай, каб гэтага чалавека білі.

Адзін малады чалавек гаварыў па-беларуску, і яго за гэта таксама жорстка пабілі, казалі, што трэба гаварыць выключна па-расейску, што ён сволач, здраднік. Былі і стандартныя запалохваньні: «Хочаце рэвалюцыі — рэвалюцыя без крыві не бывае. Мы вам зараз пакажам, што такое рэвалюцыя». Усе мы стаялі на каленях, уткнуўшыся тварамі ў сядзеньні. Нас прымушалі так рабіць. Гучалі розныя зьнявагі. Практычна да кожнага чалавека ўжывалася фізычная сіла. Але мяне не чапалі, можа быць, яны спалохаліся, што я зьяўляюся расейскім грамадзянінам. Мяне проста штурхалі, за каўнер хапалі, але ня больш за тое.

Здымак, зроблены ў Менску Раманам Завадоўскім
Здымак, зроблены ў Менску Раманам Завадоўскім

— Вы былі 14 дзён у зьняволеньні. Ці быў допыт, суд? Што з вамі адбывалася на працягу гэтага часу?

— Спачатку я знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрыманьня. Туды афармлялі, як правіла, усіх, хто чакаў суду. Суд быў праз скайп. Ён доўжыўся літаральна хвілін 7-10. Спачатку мне зачыталі абвінавачаньне, спыталі мой пункт гледжаньня на тое, што адбываецца, зачыталі паказаньні сьведкі, які спасылаўся на нейкі рапарт, сказалі, што гэтага дастаткова, каб мяне лічыць вінаватым і прызначыць мне арышт на 14 дзён. Я, у сваю чаргу, зьвяртаўся па абскарджаньне, што мне неабходны расейскі консул. Але да абскарджаньня справа не дайшла, расейскі консул мне таксама ня быў прадстаўлены. Як мне сказалі ў РУУС, амбасада была паінфармаваная. Як яна была паінфармаваная? Мае бацькі шукалі мяне і знайшлі дзякуючы валянтэрам, якія займаліся пошукам інфармацыі пра затрыманых з палітычных матываў. Дзякуючы валянтэрам я атрымаў і падтрымку — мне перадавалі перадачы. Вялікі ім дзякуй!

— Якія ў вас былі ўмовы ўтрыманьня? Некаторыя затрыманыя скардзіліся ў жніўні, што ім не давалі ні есьці, ні піць.

— Такія сьведчаньні я чуў. Калі я знаходзіўся ў СІЗА, крыху зьмяніліся ўмовы ўтрыманьня. Да нас ставіліся па-рознаму, у залежнасьці ад таго, хто дзяжурыў. Мы былі цалкам залежныя ад наглядчыкаў. Я чуў, што ў людзей у камэрах адбіралі матрацы, каб яны не ляжалі на іх удзень, але часам і на ноч адбіралі. Запалохвалі. Было некалькі момантаў, калі ў камэру на 6 чалавек саджалі па 12 чалавек. Людзі, зь якімі я там знаходзіўся, былі адукаваныя. Там не было крымінальнага элемэнту. Калі я знаходзіўся ў камэры, размаўляючы з гэтымі людзьмі, проста забываў, дзе я знаходжуся. Была атмасфэра ўзаемападтрымкі, узаемадапамогі.

— Вы казалі, што цяпер у Менску пануе атмасфэра страху, людзі баяцца выходзіць на вуліцу. Гэта значыць, людзей затрымліваюць проста на вуліцы, незалежна ад таго, зьяўляюцца яны ўдзельнікамі мітынгу ці не?

— Так. Са мной знаходзіўся ў камэры чалавек, які проста ішоў па вуліцы. Яго затрымалі, знайшлі ў яго ў тэлефоне Telegram, а там фота ня тое каб мітынгу, а проста здымкі людзей, якія знаходзяцца ў зьняволеньні з палітычных матываў. І гэта было падставай для таго, каб прызначыць гэтаму чалавеку 14 дзён арышту. Нават за фатаграфіі, за бел-чырвона-белы сьцяг, які не зьяўляецца забароненым, людзей саджаюць.

— Якая атмасфэра на вуліцах? Вы былі каля стэлы, дзе праходзяць самыя буйныя мітынгі. Што вы там убачылі? Як людзі адчуваюць сябе, што яны кажуць, як беларусы гэтую сытуацыю ацэньваюць?

— У той момант, калі мяне затрымалі, я не пасьпеў пагутарыць з пратэстоўцамі. Я толькі пасьпеў пагаварыць з тымі, хто знаходзіўся ў РАУС і ў ІЧУ, ужо быўшы асуджаным. Усе людзі салідарныя. Яны разумеюць, што ў грамадзтве павінны адбыцца зьмены. З аднаго боку, людзі знаходзяцца ў стане страху, але з другога боку, калі я бачыў шэсьце пратэстоўцаў, было пачуцьцё захапленьня, згуртаванасьці, адзінства. Я, знаходзячыся ў Расеі, гэтага не адчуваў, а там адчуў уздым, можна сказаць, нацыянальнай самасьвядомасьці. Гэта было вельмі прыемна бачыць і ўсьведамляць, што людзі разам, яны адзіныя, яны салідарныя адзін з адным і ў іх ёсьць агульныя мэты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG