Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сваякі палітвязьняў стварылі ініцыятыву «Вызваленьне-2020», заклікаюць да салідарнасьці


Палітзьняволеныя Марыя Калесьнікава і Максім Знак да арышту, падчас прэс-канфэрэнцыі ў штабе Віктара Бабарыкі. Архіўнае фота.

У Менску прайшла сустрэча сваякоў зьняволеных па палітычна матываваных крымінальных справах.

Падчас сустрэчы было абвешчана пра стварэньне грамадзянскай ініцыятывы па вызваленьні ўсіх беларускіх палітвязьняў «Вызваленне-2020», паведамляе Прававаабарончы цэнтар «Вясна»:

«Мэта такой ініцыятывы — данесьці голас родных палітычных зьняволеных да беларускага і міжнароднага грамадзтва, арганізаваць супольныя дзеяньні па падтрымцы адзін аднаго, умацаваць салідарнасьць усяго грамадзтва».

Паводле праваабаронцаў, колькасьць палітвязьняў у Беларусі з пачатку сёлетняй прэзыдэнцкай кампаніі беспрэцэдэнтная — праваабаронцамі прызнаныя ўжо 100 чалавек (на 26.10.2020).

Паводле інфармацыі Генэральнай пракуратуры Беларусі на гэты момант заведзена звыш 400 крымінальных спраў супраць удзельнікаў пасьлявыбарчых мірных акцый пратэсту.

Колькасьць падазраваных і абвінавачаных па палітычных матывах дасягнула каля 500 чалавек.

Падчас сустрэчы прапанавалі наладзіць камунікацыю паміж сваякамі, па магчымасьці, усіх абвінавачаных па палітычна матываваных крымінальных справах, даведацца патрэбы і праблемы кожнага зьняволенага, іхніх сем’яў, надаць маральную падтрымку, паведамляе Прававаабарончы цэнтар «Вясна»:

«Родныя палітычных зьняволеных перакананыя, што супольныя намаганьні больш эфэктыўныя і выніковыя ў справе вызваленьня палітычных вязьняў. Ініцыятары кампаніі зьвяртаюцца да ўсіх родзічаў палітычных зьняволеных далучацца як мага хутчэй».

Кантакты ініцыятывы «Вызваленне-2020»:

viazni2020@gmail.com — электронная пошта ініцыятывы @viazni2020_bot — зваротная сувязь у Telegram

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG