Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Празе стартавала кампанія #BelarusHeroes, прысьвечаная беларускім палітвязьням

абноўлена

Білборд, прысьвечаны палітвязьню Ігару Лосіку.
Білборд, прысьвечаны палітвязьню Ігару Лосіку.

Твары беларускіх палітвязьняў Ігара Лосіка, Марфы Рабковай і Марыі Калесьнікавай зьявіліся на магістральных вуліцах Прагі на вялікіх білбордах з тэгам #Belarus Heroes.

Кампанія мае на мэце ня толькі прынесьці ім вядомасьць у Эўропе, але таксама знайсьці беларускім палітвязьням уплывовых палітычных «патронаў» і актывізаваць шырокі міжнародны рух за іх вызваленьне.

Чаму са сьпісу больш як ста асобаў, прызнаных палітвязьнямі ў Беларусі, для плякатаў выбралі менавіта гэтых? Гаворыць Рэй Бэйсьлей, ініцыятар кампаніі «Стаімо за Беларусь!» (Stojíme za Běloruskem):

— Мы хочам паказаць, што цяпер беларускай гісторыяй рухаюць учынкі ня толькі такіх вядомых палітычных фігураў, як Марыя Калесьнікава, але і звычайных грамадзянаў. Нам таксама хацелася зьвярнуць увагу на менш вядомых маладых герояў, данесьці сьвету іх учынкі. Мы апісваем іх максымальна сьцісла, напрыклад: Марфа Рабкова, дакумэнтавала гвалт — зьняволеная; Ігар Лосік, блогер — зьняволены.

Калі мяне пытаюць, як плякаты недзе ў Празе дапамогуць беларускім палітвязьням, адказваю: хочам, каб вязьні ведалі, што пра іх думаюць, што яны вядомыя і сталі нашымі героямі, а рэжыму будзе ня так проста іх крыўдзіць і бясконца трымаць за кратамі. Міжнародная вядомасьць дапамагае, так, як калісьці яна дапамагла ўрэшце вызваліць Вацлава Гаўла.

Больш пра маштаб кампаніі дадае яшчэ адзін яе ініцыятар з грамадзянскай плятформы Чэхія-Беларусь (Občanská platforma Česko-Belarus) Міхал Майзнэр:

— Першыя білборды зьявіліся ў Празе дзякуючы падтрымцы чэскага сэнатара Вацлава Ласкі. Ён, уласна, падарыў сваю рэклямную плошчу, замоўленую для выбараў у Сэнат, беларускім палітвязьням. Сэнатар Ласка таксама стаў патронам зьняволенай беларускай праваабаронцы Марфы Рабковай. Яшчэ адзін яго калега, сэнатар і адзін з папулярных кандыдатаў у прэзыдэнты на мінулых чэскіх выбарах Марэк Гілшэр, узяў пад патранат Марыю Калесьнікаву.

Нашым працоўным дакумэнтам стаў сьпіс палітвязьняў ад праваабаронцаў «Вясны». Сумна і непрымальна, што лік палітвязьняў у Беларусі ўжо пераваліў за сотню. Мы выбіраем паэтапна па 10 герояў, набліжаем іх гісторыі празь пераклады на чэскую і ангельскую і пашыраем праз сайт www.belarusheroes.info. На гэтым сайце ёсьць і разьдзел «Патранат». Мы спадзяёмся, што наша кампанія выйдзе за межы Чэхіі і да новых, больш відочных формаў змаганьня за вызваленьне беларускіх герояў падключацца больш краін, палітыкаў, грамадзянаў, і ня толькі ў Эўропе.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG