Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Страшна, што ва ўсіх амапаўцаў „прамытыя“ мазгі». Акторку з «Калыханкі» і «Купалы» білі пры затрыманьні


Акторка Алена Гіронак

Акторка Алена Гіронак, голас Бусьліка з «Калыханкі», выканаўца галоўнай ролі ў фільме «Купала», расказала пра сваё жорсткае затрыманьне. Яе білі па галаве, прымушалі ісьці па чалавеку, праводзілі ідэалягічныя гутаркі. Склалі пратакол і позна ўначы адпусьцілі.

Затрымалі за бел-чырвона-белую застаўку ў тэлефоне

Затрымалі Алену Гіронак на плошчы Якуба Коласа 26 кастрычніка пасьля 19-й гадзіны. Але ў пратаколе пазначала, што месца затрыманьня — праспэкт Незалежнасьці, 23.

Алена Гіронак
Алена Гіронак

«Людзі ўвечары, калі іх не пусьцілі на Кастрычніцкую, спакойна ішлі па ходніках, нават без сымболікі, Заклікаў, лёзунгаў там не было. Аднак з боку Камароўкі спыніліся бусікі і пачалі затрымліваць людзей на пешаходным пераходзе да спарткомплексу „Алімпійскі“.

Я не ўцякала, у мяне такая тактыка — ня бегчы. Мне здавалася, што яны тады не бяруць, што сілавікі затрымліваюць тых, хто ўцякае. Яны прабеглі міма мяне», — апавядае Алена.

Алена кажа, што дастала тэлефон і пачала здымаць, як затрымліваюць людзей. А ў тэлефоне ў яе застаўка: фота разьдзяляльнай двайной паласы, а пасярэдзіне ў «Фоташопе» праведзеная чырвоная палоска.

«Мяне хапае амапавец у поўным рыштунку, у шаломе і і крычыць: «У яе ў тэлефоне іх сьцяг! Яна ня проста так стаяла, грузім яе!» Сама фармулёўка мяне зьдзівіла: «Іх сьцяг».

Вельмі страшна, што ў амапаўцаў прамытыя мазгі. Яны перакананыя, яны ўпэўненыя, што робяць добрую справу, дзеля якой гатовы «парваць» любога.Спрабуюць перавыхоўваць. У маладога хлопца пытаюцца: «Дзе вучысься? Вось выключаць з ВНУ — пойдзеш у войска, хоць чалавекам станеш», — расказвае Алена.

«Самыя неадэкватныя і жорсткія — тыя, хто затрымлівае. Яны наагул «адбітыя»

Яна ўчора пабывала ў міліцэйскім бусіку і трох аўтазаках. Кажа, што самыя неадэкватныя і жорсткія сілавікі — тыя, хто затрымлівае.

«Яны наагул „адбітыя“. Калі мяне павялі ў бусік, на праходзе ляжаў чалавек. Я сказала, што не пайду, пакуль яны не падымуць чалавека. Мяне ўдарылі па галаве некалькі разоў, зацягнулі ў бус, рукі моцна зацягнулі хамутом, заламалі назад. Я спрабавала іх таксама перавыхоўваць, пыталася, ці прачыталі яны хоць адну кніжку па гісторыі, ці ведаюць, што найбольшая каштоўнасьць дзяржавы — гэта чалавек. Калі рукі сшэрхлі, папрасіла аслабіць сьцяжку, яны пачалі зьдзекавацца: „Во, нармальна загаварыла“.

На таго чалавека, што ляжаў на праходзе, начапілі два капюшоны, паклалі тварам у падлогу. Яму рэальна было кепска, ён задыхаўся. Ён такі высокі, шырокі, здаровы мужчына, гадоў 40. Чамусьці напісалі на ягоным лбе „РОС“ — ня ведаю, што гэта значыць. І калі перадавалі ў другі аўтазак, казалі, каб да яго ўважліва паставіліся, што ён „люты“. Дарэчы, яму каля РУУС усё ж выклікалі хуткую дапамогу, але да гэтага нас гадзіны дзьве вазілі па горадзе», — расказвае Алена.

У аўтазаках сілавікі былі ўжо менш жорсткія. Дзяўчынку, у якой пачалася панічная атака, у аўтазаку нават спрабавалі суцяшаць. Алена кажа, што да дзяўчат, жанчын ставіліся больш лагодна, жорстка «прэсавалі» хлопцаў.

«А самыя „лайтовыя“ былі ў трэцім аўтазаку з кратамі. Усе зьвярталіся „калі ласка“, ветлівыя слоўцы ўстаўлялі.

Фота Алены з аўтазаку
Фота Алены з аўтазаку

Нас доўга вазілі па горадзе, мы былі і каля Заводзкага РУУС, каля іншых. Нарэшце завезьлі ў Маскоўскае РУУС. Туды прывезьлі чалавек 40, пасадзілі ў актавую залю. У міліцыі ўжо не прэсавалі. Склалі пратакол, зь якім я не пагадзілася, бо было напісана ня тое месца затрыманьня. Напісалі, што я выкрыквала лёзунгі. Я гэтага не рабіла.

Ціснулі, вялі ідэалягічныя гутаркі: „Ну вы ж падпісаныя на тэлеграм-каналы, прызнаныя экстрэмісцкімі“. Я пярэчыла, маўляў, падпісаная на каналы, якія паведамляюць альтэрнатыўную інфармацыю». Казалі: «Вы ж ведалі, што праводзяцца акцыі пратэсту». Я адказвала, што ў краіне не ваеннае становішча, я вольны чалавек«, — успамінае пра знаходжаньне ў пастарунку Алена.

«Увесь двор „стаяў на вушах“, зьбіралі ўсе разам мне перадачу»

Алена не спадзявалася, што яе адпусьцяць, таму што забралі шнуркі, гумкі для валасоў, асабістыя рэчы. Пасьпела адправіць паведамленьне мужу. Але нечакана выпусьцілі яе адной зь першых, бо ў Алены непаўналетняя дачка — 11-гадовая Ганна. Каля РУУС жанчыну чакалі муж з дачкой і суседзі па двары з жылога комплексу «Магістар».

«Дачка ўчора ўвечары плакала, а калі мяне выпусьцілі — скакала ад радасьці разам з сабакам. Я была вельмі кранутая: аказалася, увесь двор „стаяў на вушах“, зьбіралі ўсе разам мне перадачу, абмяркоўвалі, што мне спатрэбіцца ў ізалятары. Пра бялізну паказалі жартаўлівую перапіску, пісалі: „Бялізна павінна быць самая прыгожая, Алена павінна адчуваць сябе чалавекам“. Пакет, які мне падрыхтавалі, падпісалі па-беларуску, намалявалі смайлік і мой знак задыяку. Было вельмі прыемна».

Настроена Алена рашуча, кажа, што нельга спыняцца, трэба працягваць выходзіць на пратэсты.

«Нам нельга здавацца ні на сэкунду. Калі гэты рэжым захаваецца, будзе горш, чым у савецкія часы. Рэпрэсіўная машына так хутка набірае абароты, што сапраўды страшна».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG