Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пісьменьнік Арлоў: Схапілі чалавека, які ўратаваў мне жыцьцё


Падчас акцыі пратэсту ў Менску ў жніўні
Падчас акцыі пратэсту ў Менску ў жніўні

Сёньня ў менскай Грушаўцы на «ланцугу салідарнасьці» быў схоплены выдатны беларускі кардыяхірург Алег Паланецкі.

Гэты ўсьмешлівы, гожы і нязьменна дасьціпны велікан з чуйнымі і цёплымі рукамі дванаццаць гадоў таму такімі самымі восеньскімі днямі выратаваў мне жыцьцё.

Мяне, ужо амаль бездапаможнага, прывезьлі ў «хуткай», і ён даў дзесяць хвілін на тое, каб штосьці напісаць або зрабіць тэлефонны званок. А яшчэ загадаў думаць пра тых людзей, якіх я хачу пабачыць, і пра мясьціны, дзе хачу зноў апынуцца.

Насамрэч хвілінаў аказалася меней: я пасьпеў паставіць аўтограф у блянку са згодай на апэрацыю ў любой форме, і мэдсястрычка бегма павезла мяне на каталцы ў апэрацыйную. Я разумеў, што аўтограф мае шанец стаць апошнім, а мне, магчыма, выпадзе даведацца, чаго вартыя размовы пра той сьвет...

Назаўтра раніцой, калі я ляжаў пад клепсыдраю кропельніцы зь яе вясёлымі срэбнымі бурбалкамі, Алег Леанідавіч прыйшоў у рэанімацыю: кінуў позірк на «Нокію» каля падушкі і працягнуў руку, якую я пакуль быў няздольны паціснуць. «Дзякуй, доктар! Гульня працягваецца». — «Ну-ну. Першы раз даведваюся пра стан свайго пацыента з інтэрнэту».

Так зьявіўся мой другі дзень нараджэньня. Так пачалося знаёмства з чалавекам, якога я лічу часткаю агульнанацыянальнага «залатога запасу».

Затрымліваць геніяльнага доктара і восем ягоных калегаў з Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтру «Кардыялёгія» прыехалі са сваімі дубінамі нялічаныя «сацыяльныя работнікі» на чатырох аўтобусах. «Сацыяльныя работнікі» — вызначэньне Алега Леанідавіча.

Мэдыкаў адпусьцілі (вярнуўшыся, Паланецкі адразу накіраваўся на апэрацыю), але іх будуць судзіць.

Будуць судзіць доктара, які ўратаваў здароўе і жыцьці тысячам суайчыньнікаў. Будуць судзіць, бо ён супраць таго, каб гэтыя здароўе і жыцьці адбіралі на беларускіх вуліцах і плошчах.

Судзьдзя, надзеньце балаклаву!

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG