Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйкі і пратэсты. Што адбываецца на другі дзень пасьля ўльтыматуму Ціханоўскай


Плякат падчас студэнцкага пратэсту 26 кастрычніка

Коратка

26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнага страйку з патрабаваньнем сыходу Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў. Што адывалася ўчора: каротка,

23:01 27.10.2020

Акторы менскага Новага драматычнага тэатру абвясьцілі страйк

Ліст пра далучэньне да агульнанацыянальнага страйку падпісалі 12 чалавек: дзевяць актораў (усяго ў трупе больш за два дзесяткі чалавек) і тры супрацоўнікі тэатру. 27 кастрычніка у тэатры прайшоў сход.

«Мы напісалі ліст і перадалі яго дырэктару тэатра Васілю Мартецкаму. У лісьце зьмяшчалася інфармацыя, што мы далучаемся да агульнанацыянальнага страйку», — паведаміў актор тэатру Андрэй Бібікаў парталу Tut.by.

Паводле яго ліст падпісалі 12 чалавек: дзевяць актораў (усяго ў трупе больш за два дзесяткі чалавек) і тры супрацоўнікі тэатру.

20:23 27.10.2020

Акадэмія мастацтваў ужо адлічыла 3 студэнтаў на фоне пратэстаў

Адлічаныя два студэнты 5 курсу і адзін студэнт 3 курсу. Афіцыйная прычына — «неаднаразовыя парушэньні».

Карына Чакур вучылася на 5 курсе. Пра адлічэньне даведалася, калі ранкам ёй пазваніла сяброўка. Яшчэ адзін адлічаны студэнт расказаў, што пра выключэньне даведаўся паўгадзіны таму. Але раней яго выклікалі на прафіляктычную размову зь першым прарэктарам Сьвятланай Вінакуравай.

Чытаць больш тут >>

19:56 27.10.2020

Адміністрацыйная справа ў дачыненьні да журналіста Алеся Пілецкага спыненая

Ліст з паведамленьнем пра гэта Пілецкаму даслалі на хатні адрас. Адміністрацыйны працэс у дачыненьні журналіста Алеся Пілецкага быў распачаты за падзеі 5 верасьня, калі ў Менску праходзіў чарговы Жаночы марш.

На размову ў Заводскі РУУС Менску Пілецкага выклікалі праз тэлефон, 12 кастрычніка яму паведамілі там, што распачаты адміністарцыйны працэс за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве.

Пілецкі 5 верасьня насамрэч знаходзіўся ў месцы правядзеньні Жаночага маршу, аднак быў там у якасьці журналіста, выконваў рэдакцыйнае заданьне для Радыё Свабода. Пасьля апытаньня журналіста выпусьцілі з будынку РУУС.

19:00 27.10.2020

Паліттэхноляг Шкляраў зьехаў зь Беларусі пасьля размовы Лукашэнкі і Пампэо

Як стала вядома Tut.by, Віталь Шкляраў пакінуў межы Беларусі.
Ён зьяўляўся фігурантам «справы Ціханоўскага», хоць яшчэ да затрыманьня заяўляў, што ня быў кансультантам Сяргея Ціханоўскага і ніколі на яго не працаваў.

Нараджэнец Гомля пазыцыянуе сябе як амэрыканскі, нямецкі і расейскі палітычны кансультант, дарадца выбарчых кампаній Барака Абамы, Бэрні Сандэрса, Ангелы Мэркель, Ксеніі Сабчак ды іншых.

Жонка Шклярава — грамадзянка ЗША, яна працуе ў амбасадзе ў Кіеве. У сувязі з гэтым ён мае амэрыканскі дыпляматычны пашпарт.

18:59 27.10.2020

Блізкім блогера Пальчыса паведамілі, што ён фігурант крымінальнай справы

Эдуард Пальчыс, які адбываў 30 сутак арышту, ня выйшаў на волю пасьля заканчэньня прысуджанага тэрміну. Як паведамілі ў ЦІП на Акрэсьціна, актывіст цяпер фігурант крымінальнай справы.

«Мы прыехалі сустракаць Эдуарда, але ён ня выйшаў. У ЦІП сказалі, што ён у ІЧУ, а там – што ён фігурант крымінальнай справы, якую вядзе Сьледчы камітэт», – спасылаецца Tut.by на сяброў блогера.

Пакуль невядома, па якой справе праходзіць Эдуард Пальчыс. Магчыма, гаворка пра крымінальную справу аб масавых беспарадках.

18:58 27.10.2020

На 63-гадовую берасьцейку пасьля 18 сутак у ізалятары завялі крымінальную справу аб беспарадках​

На 63-гадовую пэнсіянэрку Алену Гнаўк, якая на мінулым тыдні выйшла пасьля 18 сутак у ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ), завялі крымінальную справу, паведаміла Tut.by яе дачка Аляксандра.

Паводле сваякоў, цяпер Алена Гнаўк праходзіць падазраванай па артыкуле за арганізацыю і падрыхтоўку дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК РБ).

Што канкрэтна інкрымінуюць Алене Пятроўне, невядома: яе адвакат зь ёй яшчэ не сустракаўся. Ад моманту затрыманьня 25 кастрычніка жанчына знаходзіцца ў ІЧУ.

17:28 27.10.2020

Невядомыя выкралі дзьвюх анэстэзіёлягаў Менскай абласной лякарні

Супольнасьць «Белыя халаты» паведамляе, што Ганна Сушчынская і Ганна Карась выйшлі пасьля працы падтрымаць калегаў з РНПЦ «Кардыялёгія». Іх проста ў лякарні забралі і зьвезьлі ў невядомым напрамку.

16:53 27.10.2020

«Страшна, што ва ўсіх амапаўцаў „прамытыя“ мазгі» — акторку з «Калыханкі» і «Купалы» білі пры затрыманьні

Алена Гіронак, голас Бусьліка з «Калыханкі», выканаўца ролі Ўладзіславы ў фільме «Купала», расказвае пра сваё жорсткае затрыманьне. Білі па галаве, прымушалі ісьці па чалавеку, праводзілі ідэалягічныя гутаркі. Склалі пратакол і позна ўначы адпусьцілі.

Затрымалі фактычна за бел-чырвона-белую застаўку ў тэлефоне: «Грузіце яе, у яе іх сьцяг», — крычалі АМАПаўцы.

Чытаць інтэрвію.

16:22 27.10.2020

Менск. Людзі падтрымліваюць мэдыкаў

Каля 4-й гарадзкой клінічнай у Менску сабралася акцыя салідарнасьці.

15:26 27.10.2020

Студэнты менскіх вузаў расказваюць, чаму выходзяць на забастоўкі

15:21 27.10.2020

Менск. БДТУ

У БДТУ пад воклічы «Верым, можам, пераможам» працягваецца забастоўка.

14:48 27.10.2020

Выкладчыкі Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту заявілі рэктару пра страйк

Як гаворыцца ў тэлеграм-канале навучальнай установы, выкладчыкі афіцыйна паставілі ў вядомасьць рэктара пра ўдзел у страйку.

«Мы як студэнты — далучаемся! У выпадку ўзьнікненьня ў адміністрацыі пытаньняў спасылаемся на ўведамленьне нашых выкладчыкаў!»,— адзначаецца ў супольнасьці «МДЛУ за Свабоду!».

14:46 27.10.2020

Лукашэнка запатрабаваў звальняць рабочых і адлічваць студэнтаў, якія бяруць удзел у страйках і пратэстах

«Цяпер такі момант, калі кожны павінен выбіраць у сваім жыцьці тую дарогу, па якой ён будзе рухацца. Ня толькі ён, але і дзеці», — заявіў Лукашэнка.

14:45 27.10.2020

Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 15 дзён арышту. Ён заявіў пра катаваньні

Былога лідэра «Маладога фронту» Зьмітра Дашкевіча Маскоўскі раённы суд Менску асудзіў на 15 дзён адміністрацыйнага арышту.

Пастанову вынесла Тацяна Матыль, якая шмат гадоў судзіць палітычных актывістаў.

Дашкевіча ў суд не прывезьлі, ягоны голас гучаў з кампутара. Твару зьняволенага ніхто з прысутных, акрамя судзьдзі, у тым ліку жонка актывіста, не пабачылі.

Чытаць далей.

14:41 27.10.2020

Менск. Людзі прыйшлі падтрымаць настаўнікаў 50-й гімназіі

Настаўнікі гімназіі запісалі відэазварот, у якім запатрабавалі спыненьня гвалту, вызваленьня палітзьняволеных, аднаўленьня на працы звольненых з палітычных матываў выкладчыкаў і адлічаных студэнтаў на вучобе.

Што расказала дырэктар.

14:05 27.10.2020

Што адбываецца на другі дзень усеагульнага страйку. Дайджэст

Яшчэ два шахтары далучыліся да страйку на «Беларуськаліі», яшчэ два рабочыя — на «Гродна Азот». Страйкуюць абодва рэжысэры ў горадзенскім драмтэатры. А ўдзельнікаў учарашняга страйку на МЗКЦ сёньня не пускалі на тэрыторыю прадпрыемства.

Чытаць у дэталях.

14:04 27.10.2020

Два погляды на затрыманьне сёньня мэдыкаў

«Усё ня так адназначна. Супрацоўнікі выйшлі на пікет зь недзяржаўнай сымболікай, а па сутнасьці, зладзілі правакацыю перад вялікай міжнароднай канфэрэнцыяй»,— дзяржаўны тэлеканал АНТ.

«Мэдыкі заўсёды былі і будуць супраць гвалту, гэта іхная сутнасьць. І затрымліваць, арыштоўваць за тое, што яны пра гэта адкрыта гавораць? Ды іх гэтаму ва ўнівэрсытэтах вучылі! Я абураны такімі паводзінамі сілавых структур», — экс-дырэктар РНПЦ «Кардыялёгія» акадэмік Аляксандар Мрочак.

14:02 27.10.2020

Лукашэнка заявіў пра «тэрарыстычныя пагрозы» ў сувязі з масавымі пратэстамі

Лукашэнка лічыць, што супраць Беларусі разгорнутая ня толькі інфармацыйная, а і «тэрарыстычная вайна».

«Ну як можна ацэньваць тое, што ўжо выйшлі на чыгунку і пачынаюць блякаваць аўтаматыку, рабіць замыканьне рэек? Гэта можа прывесьці да сур’ёзных аварый на чыгунцы, катастрофы, да гібелі мноства людзей. Гэта дзеяньні арганізаваных злачынных груповак з прыкметамі тэрарызму. Мы пачынаем сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі», — сказаў ён, падкрэсьліўшы, што ўлада тады чагосьці вартая, калі ўмее абараняць сябе і свой народ.

Па яго словах, арганізатары пратэстаў у Беларусі «паводле мэтадычкі каляровых рэвалюцый» прайшлі 7-8 этапаў.

«Засталося зусім няшмат. Наступны этап — радыкалізацыя. Яна адбываецца. Мы гэта павінны спыніць», — заявіў Лукашэнка.

Чытаць далей.

14:00 27.10.2020

Горадня. Звольнілі абодвух рэжысэраў драмтэатру

Абодвух рэжысэраў Горадзенскага драмтэатру, Генадзя Мушпэрта і Сяргея Курыленку, звольнілі паводле артыкулу за невыкананьне працоўных абавязкаў. Галоўны рэжысэр Мушпэрт тут працаваў 26 гадоў (усяго ў тэатры 48), Курыленка — 40 гадоў. Раней рэжысэры далучыліся да нацыянальнай забастоўкі.

12:42 27.10.2020

Менск. БДУіР

Студэнты-праграмісты выйшлі на пратэст.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG