Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік беларускай рэвалюцыі. Натоўп ці грамадá?


Супольны марш пэнсіянэраў і студэнтаў. Менск, 26 кастрычніка 2020 г.
Супольны марш пэнсіянэраў і студэнтаў. Менск, 26 кастрычніка 2020 г.

Чытаем або чуем: Натоўп ад стэлы рушыў у бок палацу Незалежнасьці“. Ці правільна ўжытае слова? Што такое натоўп?

Сьцісла:

  • У слоўніку два значэньні слова натоўп: 1) ‘Вялікае, звычайна хаатычнае, зборышча’. 2) ‘Звычайныя людзі ў процілегласьць героям’. Абодва крыўдныя.
  • Расейскае слова „толпа“ любіць БТ: „Беснующаяся толпа“.
  • А беларускае слова грамадá — і пра вялікую групу людзей, і пра супольнасьць жыхароў або вернікаў.
  • Усе ведаюць Купалава: а хто там ідзе / У агромністай такой грамадзе? — Беларусы. Грамадá — сьвядомы народ, суб'ект гісторыі.
  • Іншыя сынонімы — гурт, купа, гурма, сьціжма — не пасуюць велічнаму беларускаму рушэньню.
  • Праверыць, якое слова пасуе, можна зваротам. „Шаноўны натоўп!“ — немагчыма сказаць.
  • Натуральныя звароты — Шаноўная грамадá! Дарагія людзі! Беларускі народзе!

Натоўп? Ён як зьяўляецца, так і рассыпаецца

Натоўп ад натоўпіцца (калі некуды набіваецца мноства людзей). Расейскае слова „толпа“ этымалягічна таго ж кораня.

Натоўп, як правіла, зьяўляецца і рассыпаецца выпадкова:

Натоўп пасажыраў рассыпаўся ў розных кірунках да аўтобуса, у памяшканьне вакзалу, на стаянку таксі, у багажню. (В. Быкаў)

Вялікі тлумачальны слоўнік апісвае толькі два значэньні слова натоўп:

1) ‘Вялікае, звычайна хаатычнае, зборышча людзей’. 2) ‘Звычайныя людзі ў процілегласьць героям, у адрозьненьне ад выдатных асобаў’.

Ніводнае не пасуе ўдзельнікам беларускіх пратэстаў. А другое нават абражае.

Пратэст каля БТ. 15 жніўня 2020 г.
Пратэст каля БТ. 15 жніўня 2020 г.

Затое БТ штодня ўжывае расейскі адпаведнік гэтага слова — „толпа“. З такімі прыметнікамі і ў такім кантэксьце:

Беснующаяся толпа
Агрессивная толпа
Кто и зачем заставляет
толпу плясать под свою дудку?

Невыпадкова. Нехарошае слова ахлякратыя, якім апісваюць прымітыўны папулізм і бясчынства, акурат і азначае ‘ўладу натоўпу’, ὄχλος па-старажытнагрэцку. ​Дэмакратыя ж — улада народу, прычым сьвядомага сваіх правоў і адказнасьці.

Песьні накшталт „Адзіноты ў натоўпе“ (Вульляна Паўловіч і гурт Atesta) падказваюць эмацыйна-вобразны кантэкст слова: натоўп не яднае, а разьядноўвае.

Блізкі значэньнем сынонім да слова натоўп — тлум. І гэтае слова мае ня надта пазытыўныя пачатныя значэньні: ‘адурэньне, замарачэньне’; ‘гоман, сумятня’ — адсюль выраз затлуміць мазгі. У трэцім значэньні — ‘шумлівы натоўп людзей’. Слова таксама не пасуе велічным беларускім падзеям нашага часу.

Хай пазнáюць усе грамадý!

Грамадá — слова мнагазначнае. У большасьці славянскіх моваў яно цяпер азначае найперш супольнасьць, сход. У паўднёваславянскіх мовах і ў расейскай слова „громада“ пераважна захавала архаічнае значэньне, яно пра нешта вялікае — гару, каменьне, кучу, адсюль расейскі прыметнік громадный.

Грамадой па-беларуску правільна называць і вялікую групу людзей, і канкрэтную супольнасьць сельскіх жыхароў або вернікаў. Так і спрадвеку было ў нашай мове, няма патрэбы браць з расейскай „абшчыну“. У самой расейскай „община“ -- царкоўнаславянізм (як і ўсё гняздо — „общий“, „общество“, падобных словаў у беларускай мове няма). На жаль, гэтай „абшчынай“ поўныя школьныя падручнікі гісторыі БССРаўскай традыцыі, у якіх даўно пара мяняць тэрміналёгію.

Але слова грамадá ўсё адно чуў кожны сучасны беларус з школьнай адукацыяй — прычым не ў бытавым значэньні натоўпу, а ва ўзьнёслым кантэксьце — народу:

А хто там ідзе, а хто там ідзе
У агромністай такой грамадзе?
— Беларусы.

Праграмны верш Янкі Купалы, напісаны ў 1905–1907-м, сьцьвердзіў волю беларускага народу да вяртаньня сабе гістарычнай і палітычнай суб’ектнасьці.

У Купалы ў грамаду зьбіраецца, усьвядоміўшы сваю праўду, народ. Цікава, як перакладалі беларускую грамадý на розныя мовы.

А хто там іде, а хто там іде,
Яка то громада велика гуде?

(пераклад Максіма Рыльскага)

Слова захаваў Казімеж Анджэй Яворскі:

A kto tam idzie przez lasy i bagno,
kto idzie taką ogromną gromadą?

У перакладзе Максіма Горкага грамада заменена банальнай толпой:

А кто там идет по болотам и лесам
Огромной такою толпой?

Але гэта не недагляд Горкага: адэкватна перакласьці Купалаву грамаду на расейскую складана. Ян Станкевіч у сваім фундамэнтальным слоўніку дае адпаведнікі грамадзе ў чатырох значэньнях: ‘толпа; община; мир (сельская община); общество'. Але відавочна: у вершы — не „толпа“, не выпадковая чарга па матэрыяльныя даброты. І цягам больш як стагодзьдзя менавіта значэньне народу, грамадзтва стала асноўным для грамады. Яшчэ адзін мэтафарычны верш Купалы:

Няхай прыйдзе канец
на сівец, на званец,

Хай пазнаюць усе грамаду!
(Касцам. 1908; сівец і званец — малапажыўная трава)

У Купалавай паэзіі гэта пасьлядоўна высокае слова: аглядаю сьвятую дубоў грамаду; зорак грамада...

У Бярынды (1627) сойм тлумачыцца як ‘грамадá людзей’. Значыць, вякамі грамада — суб’ект дэмакратыі:

Паноў паслоў абралі з таго кола альбо грамады сваея (1597, пра Берасьцейскі сабор)

Значэньне грамады як супольнасьці, а не дэструктыўнага тлуму, бачым і ў клясычнай „Нашай ніве“:

Дэпутат падышоў да грамады выбаршчыкоў и, узлезшы на бочку, зирнуў на их мутным вокам (актуальная цытата з 1908 году)

Там жа — сялянская грамада, валасная грамада, збройныя грамады.

Браніслаў Тарашкевіч. Аўтар У. Скамарошчанка
Браніслаў Тарашкевіч. Аўтар У. Скамарошчанка

Першай нацыянальнай палітычнай партыяй у нас была Беларуская рэвалюцыйная грамада (1902). Пазьней — Беларуская сялянска-работніцкая грамада на чале з Браніславам Тарашкевічам у Заходняй Беларусі. Ёсьць і сучасныя супольнасьці — Беларуская каталіцкая грамада, партыя Народная грамада. Грамада — аднадумцы, людзі, паяднаныя каштоўнасьцямі.

Аднакаранёвыя словы — грамадзтва, грамадзянін, грамадзянка. Яны пра адказных за сваю грамаду, супольнасьць, краіну і народ.

Гурт, купа, гурма, сьціжма

Ёсьць яшчэ сынонімы для збору людзей. Яны адрозьніваюцца значэньнем, напрыклад колькасным.

Гурт — гэта пра групу людзей, меншую за грамаду (а таксама пра чараду ці статак). Слова за апошнія сорак гадоў нечакана набыло новае значэньне — музычны ансамбль, група. І добра.

Кýпа — калі пра людзей, то блізкая значэньнем да гурту. Запамінаецца дзякуючы прымаўцы Калі робіш у кýпе, не баліць у пýпе.

Гурмá — гэтаксама азначае ‘група, гурт’.

Сьцíжма — пра вялікае мноства: і людзей, і, напрыклад, камароў. Слоўнік лічыць слова размоўным. Але калі яно пра людзей, то на вачах аднаго пакаленьня слова перайшло ў нэўтральны і нават паэтычны стыль — дзякуючы перакладу „Песьні пра зубра“ Міколы Гусоўскага, які крэатыўна зрабіў з лацінскай Язэп Семяжон:

Неяк у Рыме пры сьціжме людзей незьлічонай
С
ьведкам відовішча быў я бою быкоў на арэне.

Але наўрад ці тыя гледачы карыды былі паяднаныя высокай ідэяй.

Шаноўная грамадá!

Даволі проста праверыць, якое слова пасуе да збору сьвядомых людзей, а якое не пасуе, — зьвярнуўшыся да іх.

„Шаноўны натоўп!“ — немагчыма так сказаць ні ў якім разе.

Выдатныя і натуральныя звароты —

Шаноўная грамадá!
Дарагія людзі!

І ўрэшце —

Беларускі народзе!

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG