Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Слоўнік беларускай рэвалюцыі. Балаклава


Менск, 20 верасьня 2020 г.

Балаклава — слова ангельскае, яно ад Балаклаўскай бітвы ў Крымскай вайне: брытанскіх салдатаў засьцерагалі ад марозу.

Сьцісла:

  • Балаклава — слова ангельскае, але яно пазычана з крымскататарскай назвы гораду Balıqlava ‘рыбнае месца’.
  • У Балаклаўскай бітве Крымскай вайны камандзеры хацелі бараніць брытанскіх вайскоўцаў ад холаду вязанымі каўпакамі, якія і назвалі балаклавамі.
  • Балаклаву як курорт стварыў беларускі інжынэр і прадпрымальнік Казімер Скірмунт.
  • Ён пражыў у Балаклаве да канца жыцьця. А ці пражывуць у балаклаве да канца жыцьця нашыя сучасьнікі?
Балаклава. (c) Tobias „ToMar“ Maier, ліц. CC BY-SA 3.0
Балаклава. (c) Tobias „ToMar“ Maier, ліц. CC BY-SA 3.0

Слова балаклава ўвайшло ў беларускую штодзённасьць зусім не таму, што адпаведная рэч дапамагае ад марозу спартоўцам, рыбакам, матацыклістам. Не сэзон жа. А таму што яна абараняе так званага „сілавіка“ ад распазнаньня лепей, чым звычайная каранавірусная маска; таксама балаклаву цяжэй садраць з носьбіта гэтага змрочнага вобразу.

Назоўнік балаклава гучыць як цюркізм. Але пазычаны, як ні дзіўна, з ангельскай мовы. А ангельцы, у сваю чаргу, узялі слова ад назвы гораду і затокі на паўднёвым захадзе Крыму, каля якіх 25 кастрычніка 1854 году адбылася значная бітва Крымскай вайны паміж расейцамі, якія замацоўваліся ў захопленым Крыме і ўсім рэгіёне, і хаўруснымі войскамі брытанцаў, французаў, сардынцаў і асманаў, якія імкнуліся спыніць расейскую экспансію.

Брытанскі лягер ля Балаклавы падчас Крымскай вайны. Фота Джэймза Робэртсана
Брытанскі лягер ля Балаклавы падчас Крымскай вайны. Фота Джэймза Робэртсана

Было халодна, і брытанскія вайскаводы замовілі для салдатаў сярод іншага вязаныя каўпакі з прарэзамі для вачэй; праўда, іх быццам бы так і не давезьлі, але выраз balaclava helmet усё ж узьнік (першы раз фіксуецца ў 1881 годзе).

Вядома, шапка больш старажытная за бітву. Іншыя яе назвы ў гісторыі — уланская, тампліерская шапка. У розных мовах яна завецца па-рознаму — ад функцыі ці выгляду: у францускай passe-montagne (горная), індыйцы называюць такія шапкі сваіх паліцыянтаў „малпінымі“, у амэрыканскім слэнгу ёсьць ski mask, а па-польску гэта kominiarka, бо і сапраўды камінар яе надзяваў, каб засьцерагчы твар.

Цікава, што зь бітвай зьвязаныя яшчэ дзьве назвы адзеньня. Швэдар-жакетку на гузіках, вядомы як кардыган, як уцяпленьне для ваяроў прыдумаў Джэймз Томас Брудэнэл, граф Кардыганскі. Ён камандаваў Лёгкай брыгадай, што пайшла ў безнадзейную атаку. А галоўны камандзер брытанскага войска лёрд Рэглян, што страціў руку ў бітве пад Ватэрлё, насіў у Крыме паліто з рукавамі рэглян.

Балаклаўская затока, Украіна. 2019
Балаклаўская затока, Украіна. 2019

Вернемся да тапоніма Балаклава. Горад вельмі старажытны, лічыцца, што зручная затока, на якой ён стаіць, упамінаецца ў „Адысэі“. Лякальны тапонім зь цюрскім коранем balıq ‘рыба’ вядомы прынамсі з XV стагодзьдзя (напр. Balıklağı-Kerman ‘Рыбная фартэцыя’). Крымскататарская назва Balıqlava замацавалася ў XVII стагодзьдзі, яе звычайна тлумачаць як ‘рыбнае месца’, ёсьць аналягічныя тапонімы і ў Турцыі.

Але паколькі ў розных мовах бытаваў тапонім з агаласоўкай bala-, то варта згадаць іншыя этымалёгіі: першасная грэцкая назва мясьціны была Σύμβολον ‘знак, помнік’, адпаведна цюркамоўная калька магла гучаць bäläglägi ‘месца помнікаў’.

Калі Расея захапіла Крым у 1783 годзе, то хоць некалькі значных гарадоў перайменавалі адразу (Акмэсджыт у Симферополь, Ак’яр у Севастополь), але бальшыня аўтэнтычных, пераважна крымскататарскіх, тапонімаў засталася ў афіцыйным ужытку.

Пакінуты крымскататарскі дом у Карасубазарскім (Белагорскім) раёне. Крым, Украіна
Пакінуты крымскататарскі дом у Карасубазарскім (Белагорскім) раёне. Крым, Украіна

Ажно ў 1945–1948 гадох, пасьля сталінскай дэпартацыі карэннага народу Крыму на чужыну, больш як тысячу крымскататарскіх тапонімаў адміністрацыйна памянялі на расейска-савецкія накшталт Рабочий Уголок, Тыловая, Штурмовое, Резервное, Комсомольское, Трудолюбовка... Старажытны Карасубазар (‘рынак на Чорнай рацэ’) перайменавалі ў Белогорск, Кактэбэль — у Планерское. Рыхтавалі чарговую хвалю русыфікацыі тапонімаў: Ай-Пэтры — на Петровы скалы, Бахчысарай меў стаць Пушкінам, але не пасьпелі. Нейкім дзівам Балаклаву не напаткаў гэты лёс.

Напалеон Орда. Палац Скірмунтаў у Моладаве. 1875
Напалеон Орда. Палац Скірмунтаў у Моладаве. 1875

Паселішча Балаклава беларусам не чужое. Балаклаву як курорт фактычна заснаваў Казімер Скірмунт (1824—1893), з тых самых нашых Скірмунтаў, зь іх пінска-моладаўскай галіны (як называе яе аўтар фундамэнтальнай манаграфіі пра Рамана Скірмунта Алесь Смалянчук).

Балаклаўскія вінаграднікі, в. Ушакоўка. 2 ліпеня 2020 г.
Балаклаўскія вінаграднікі, в. Ушакоўка. 2 ліпеня 2020 г.

Алесь Смалянчук піша, што Казімераў бацька, адзін зь першых пасьпяховых беларускіх прамыслоўцаў Аляксандар (Сымонаў сын) Скірмунт у 1860 годзе пераехаў у Крым, купіў у Балаклаўскай даліне 200 га зямлі і заклаў там вінаграднікі. Казімера ж за ўдзел у паўстаньні 1863 году (ён дапамагаў Траўгуту) саслалі ў Расею, а потым не дазвалялі вярнуцца на Радзіму, у 1867 годзе ён прыехаў да бацькі ў Балаклаву і пераняў гаспадарку, вырошчваў рэйнскі і вугорскі вінаград. „Залатая балка“, дзе дагэтуль вырошчваюць гатункі для шампанскага, — ягоная заслуга.

А вывучыўшы асаблівасьці мікраклімату, менавіта Казімер Скірмунт зразумеў курортны патэнцыял мясьціны. У сваім доме ён адкрыў пансіянат і пачаў яго рэклямаваць, у 1879 годзе абсталяваў марскія купальні, а ў 1888 годзе збудаваў гразелякарню на набярэжнай у канцы Балаклаўскай затокі.

Таўрыдзкая набярэжная, Балаклаўская затока, Украіна
Таўрыдзкая набярэжная, Балаклаўская затока, Украіна

Казімерава жонка Алена, мастачка і скульптар (і таксама ўдзельніца паўстаньня) — пляменьніца мастака Напалеона Орды, у Балаклаве стварала скульптуры славутага цыклю „Гістарычныя шахматы“; іхная дачка — пісьменьніца Канстанцыя Скірмунт — нейкі час жыла з бацькамі ў Балаклаве.

Балаклаўская затока. Уваход у базу савецкіх атамных субмарынаў. Фота: В.Білецький
Балаклаўская затока. Уваход у базу савецкіх атамных субмарынаў. Фота: В.Білецький

Належнае ўшанаваньне памяці Скірмунтаў у Балаклаве магло б стымуляваць арыентаваны на беларусаў тэматычны турызм, каб у нашай сьвядомасьці тапонім „Балаклава“ перастаў асацыявацца з савецкімі атамнымі субмарынамі (дарэчы, пляны вярнуць туды расейскі мілітарны флёт агучыла цяперашняе расейскае кіраўніцтва). Але для гэтага давядзецца прычакаць сыходу з Крыму расейскіх акупантаў і вяртаньня яго Ўкраіне.

Падобным чынам, каб слова балаклава ў сучаснай беларускай мове страціла злавеснае адценьне, трэба, каб у нашай краіне запанаваў закон, а ня права сілы людзей з схаванымі тварамі.

Пэўна, у Балаклаве можна было пражыць усё жыцьцё (прынамсі калісьці). А вось у балаклаве — наўрад ці. Праўда, Эдуард Акулін у сваім вершы прагназуе:

Вы заслужылі сабе права
н
я толькі біць і катаваць,
але і жыць у балаклавах,
і у труне іх не здымаць…
Схаваўшы твары, як пачвары,
да с
ьмерці будзеце хадзіць,
таму што кроў сваіх ахвяраў
вам з рук ніколі не адмыць…

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG