Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Страйкі на заводах. Пратэст студэнтаў і пэнсіянэраў. Што адбываецца ў першы дзень пасьля ўльтыматуму Ціханоўскай

26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнага страйку з патрабаваньнем сыходу Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў.


Аб'яднаны марш пэнсіянэраў і студэнтаў у Менску

Коратка

26 кастрычніка Сьвятлана Ціханоўская заклікала да ўсеагульнай забастоўкі з патрабаваньнем сыходу Лукашэнкі і новых прэзыдэнцкіх выбараў. Мы сочым за тым, што адбываецца ў краіне.

15:13 26.10.2020

Менск. Праспэкт Незалежнасьці паралізаваны

Рух каля праспэкту Незалежнасьці ў цэнтры амаль паралізаваны супрацоўнікамі ДАІ. Шматлікія пад’езды да праспэкту перакрытыя.

15:12 26.10.2020

Менск. ПВТ

Трэці раз за дзень ля ПВТ разганялі акцыю пратэсту, піша Onliner.by. Чытачы #МотолькоПомоги бачылі там чалавека, падобнага да кіраўніка ГУБАЗіК Карпянкова.

15:04 26.10.2020

Марш пэнсіянэраў і студэнтаў дайшоў да цырку

Галава калёны дайшла да цырку, хваста яшчэ не відаць.

14:56 26.10.2020

Менск. Марш пэнсіянэраў і студэнтаў дайшоў да Кастрычніцкай плошчы

14:42 26.10.2020

Менск. ДАІ перакрывае праспэкт Незалежнасьці

14:41 26.10.2020

У Горадні пачаўся марш пэнсіянэраў і лекараў

Каля 20 гарадзенцаў сабраліся ў парку Жылібера і рушылі ў павольны марш па горадзе. Жанчыны з букетамі жоўтага лісьця, хтосьці ў бел-чырвона-белай масцы, хтосьці ў адзеньні белага і чырвонага колераў. Калі калёна праходзіла каля ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, дэманстранты тройчы выгукнулі «Жыве Беларусь». Ім у падтрымку сыгналілі аўтамабілі.

У парку Жылібера стаіць міліцэйская машына і аўтобус, каля Вечнага агню дзяжураць некалькі дэсантнікаў.

14:35 26.10.2020

Менск. Марш пэнсіянэраў ужо прайшоў КДБ

14:24 26.10.2020

Менск. ВПТ

Каля Парку высокіх тэхналёгій ужо другі раз сілавікі разагналі пратэст, цяпер шукаюць пратэстоўцаў у лесе, піша Dev.by.

14:20 26.10.2020

Менск. Да маршу пэнсіянэраў далучыліся студэнты

Студэнты далучыніся да пэнсіянэраў на плошчы Незалежнасьці. Калёна пачала рухацца ўздоўж праспэкту. Моладзь, сталыя і пажылыя людзі — усе яны разам ідуць, скандуючы «Забастоўка!»

14:06 26.10.2020

Менск. БДУ. АМАП адступіў перад студэнтамі

У двары БДУ студэнты стаяць шчыльнымі шэрагамі.

АМАП паспрабаваў выціснуць студэнтаў, ае ўрэшце сышоў.

13:57 26.10.2020

40 шахтароў страйкуюць на «Беларуськаліі»

Да страйку на «Беларуськаліі» за першую палову дня далучыліся яшчэ 5 работнікаў, паведамілі ў страйкаме. Сярод іх Ігар Гарбацэвіч з 4-га рудніка і Аляксандар Ільюшчыц з 1-га рудніка. Цяпер, паводле страйкаму, у страйку бяруць удзел каля 40 працаўнікоў, ёсьць імавернасьць, што далучыцца яшчэ цэлая брыгада шахтароў.

У страйкаме кажуць, што на 5 гадзінаў дня намечаны сход работнікаў прадпрыемства каля «сьвечкі» — гэтак называюць галоўны корпус адміністрацыі «Беларуськалію». У страйкаме разьлічваюць, што на сход прыйдуць і жыхары Салігорску, якія падтрымліваюць патрабаваньні аб адстаўцы Лукашэнкі.

13:43 26.10.2020

Менск. ПВТ

Пратэстоўцы вярнуліся ў ланцуг пасьля разгону.

На МКАД побач з ПВТ спыніўся рух.

13:34 26.10.2020

Ужо больш за 100 затрыманых у Беларусі

Праваабаронцы сабралі прозьвішчы ўжо больш за 110 затрыманых у першы дзень страйку.

13:31 26.10.2020

Менск. Студэнты працягваюць пратэставаць

  • Студэнты БДЭУ пад Мотавелазаводам скандуюць «Забастоўка!».
  • Студэнты БДУ працягваюць акцыю ў двары на Ленінградзкай.

13:23 26.10.2020

Менск. БДЭУ

13:20 26.10.2020

Менск. Мэдыкі прыйшлі падтрымаць рабочых

Мэдыкі з 6 клінічнага шпіталю прыйшлі падтрымаць рабочых Менскага электратэхнічнага заводу.

13:16 26.10.2020

Менск. Каля ПВТ разагналі акцыю салідарнасці

Каля тысячы чалавек сталі ў ланцуг салідарнасьці каля ПВТ. Міліцыянты разагналі людзей з дапамогай спэцсродкаў. Відавочцы чулі выбухі, як ад сьвятлашумавых гранат.

13:09 26.10.2020

Менск. БДУ

Да ўваходу ў галоўны корпус БДУ на плошчы Незалежнасьці пад'ехаў аўтазак. Студэнты сталі ў счэпку.

13:05 26.10.2020

Менск. «Ланцугі салідарнасьці» ў розных раёнах

13:02 26.10.2020

Берасьце. Працу спынілі толькі прыватныя ўстановы

  • Спынілі працу шэраг кавярняў і прыватных крамаў. Па стане на 13 гадзін 26 кастрычніка пра страйкі супрацоўнікаў дзяржаўных прадпрыемстваў Берасьця інфармацыі няма.
  • Раніцай мясцовы тэлеграм-канал «Берасьце: чуткі і факты» паведамляў пра зборышча міліцыі ля прахадной заводу «Брэстгазапарат» (гандлёвая марка Gefest) і ля канцавога прыпынку мясцовага аўтапарку, дзе зьбіраюцца гарадзкія аўтобусы. Аднак пра затрыманьні рабочых заводу Gefest альбо кіроўцаў аўтобусаў паведамленьняў не было.
  • Паводле інфармацыі Свабоды, 26 кастрычніка працу спынілі некаторыя прыватныя фірмы і шэраг кавярняў Берасьця. У прыватнасьці, кавярні Coffeekot і Bazar абвесьцілі 26 кастрычніка санітарным днём і закрыліся.
  • Падобная сытуацыя яшчэ ў прыблізна дзясятку кавярняў, паведамляе тэлеграм канал «Кот Рагачука».
  • Жыхары Берасьця таксама паведамляюць, што мясцовае аддзяленьне інтэрнэт-крамы OZ.BY не дастаўляе замовы ў панядзелак, не працуе таксама сетка Dominos Pizza і крама турыстычнага рыштунку Travers.

Загрузіць яшчэ

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG