Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі эколяга і актывістку анархісцкага руху Алену Дубовік


Алена Дубовік, архіўнае фота

У ноч на 24 кастрычніка ў Менску была затрыманая Алена Дубовік — актывістка экалягічнага руху, вядомая таксама як актыўная анархістка. Алена знаходзіцца ў ізалятары часовага ўтрыманьня на завулку Акрэсьціна, паведаміў грамадзянскі муж актывісткі журналіст Алесь Ярашэвіч.

«Позна ўвечары Алена адказала праз тэлефон, што вяртаецца пасьля сустрэчы ў сваіх справах дамоў, яна была за стырном нашага аўтамабіля, а потым сувязь зь ёю зьнікла. Пазваніла пасьля гадзіны начы і пасьпела перадаць толькі, што прывезьлі ў Савецкае РУУС. Там сказалі, што будзе на Акрэсьціна да панядзелка, яе чакае суд», — паведаміў Алесь Ярашэвіч.

Асноўная вэрсія Алеся Ярашэвіча — ягоную жонку затрымалі за ўдзел у шэсьцях пратэсту.

«Ёсьць зьвесткі, што яе ўзялі не адну, але праверыць гэта не ўдаецца. Тыя, зь кім яна сустракалася напярэдадні, на сувязь не выходзяць», — сказаў Алесь Ярашэвіч.

Алена Дубовік — каардынатарка праекту «Зялёны тэлефон», які кансультуе грамадзянаў у экалягічных праблемах. Як экспэрт-эколяг Алена супрацоўнічае з сайтам «Зялёны партал», які рэдагуе актывістка экалягічнага руху Яніна Мельнікава.

«Так, мы ўжо ведаем, што Алену затрымалі. За што, можам толькі здагадвацца: хутчэй за ўсё вылічылі на відэа на маршах пратэсту. Не зьдзіўляемся. У нас чарга на арышты. Жартуем, што арышты сярод актывістаў-эколягаў спаборнічаюць з каранавірусам, і пакуль арышты колькасна перамагаюць», — сказала Яніна Мельнікава.

Алена Дубовік — вэган, яна не ўжывае мяса, рыбу і малочныя вырабы. Як будзе выходзіць са становічша, калі трапіць на «суткі»? Муж актывісткі Алесь Ярашэвіч спадзяецца, што ўсё атрымаецца.

«Неяк выйдзем са становішча. Буду перадаваць ёй той харч, які ёй можна есьці як вэгану: кашы, арэхі. Але не выключаю, што яна абвесьціць галадоўку, як мінулым разам, калі ў 2017 годзе адбывала арышт у Жодзіне. Алену тады арыштавалі пасьля мітынгу на Бангалоры супраць „антыдармаедзкага“ ўказу. Памятаеце, спынілі тралейбус і затрымалі ўсіх пасажыраў. 15 дзён тады адбыла ў Жодзіне. Галадавала. Яна малайчына, пратрымалася», — кажа Алесь Ярашэвіч.

Таксама муж актывісткі шукае аўтамабіль, якім Алена Дубовік ехала дамоў.

«Дзе машына — невядома, пакуль ня кажуць. Буду шукаць», — кажа Алесь Ярашэвіч.

Алесь Ярашэвіч не выключае, што ягоную жонку маглі затрымаць як актывістку анархісцкага руху. Напярэдадні зьявілася інфармацыя, што ў Заводзкім раёне невядомыя актывісты вывесілі ўлёткі салідарнасьці з рэпрэсаванымі анархістамі. Паводле журналіста, «за анархістамі ідзе асаблівае паляваньне, яно ніколі не перапынялася».

У СІЗА на Валадарскага знаходзяцца актывісты анархісцкага руху Андрэй Чапюк, Іван Красоўскі, Аляксандар Францкевіч і Акіхіра Гаеўскі-Ханада, якія праходзяць у справе аб арганізацыі масавых беспарадкаў. Два анархісты, Мікіта Емельянаў і Іван Комар, ужо адбывааюць пакараньні за напад на будынак суду і сьледчы ізалятар. Актывістаў трымаюць адпаведна ў Магілёўскай і Шклоўскай калёніях, праваабаронцы прызналі іх палітвязьнямі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG