Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябру прэзыдыюму КР Ліліі Ўласавай адмянілі хатні арышт і іншыя абмежаваньні


Лілія Ўласава
Лілія Ўласава

Улады адмянілі хатні арышт у дачыненьні да юрыста і сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады Ліліі Ўласавай, якую 19 кастрычніка вызвалілі зь СІЗА КДБ, піша TUT.BY са спасылкай на яе мужа Ўладзімера Іскарцава.

Паводле яго, зь Ліліі Ўласавай зьнятыя ўсе абмежаваньні. Сьледзтва палічыла, што няма неабходнасьці ўсталёўваць іншую меру стрыманьня. Цяпер яна зможа свабодна перасоўвацца, мець зносіны з роднымі, калегамі і сябрамі.

«Мы самі ня можам усьвядоміць, што гэта адбылося, — кажа Іскарцаў. — Паўтара месяца ў СІЗА паказалі, што спадзявацца не выпадае, але ўсё ж розум перамог. Спадзяёмся, што ён пераможа і ў дачыненьні да іншых затрыманых».

Уладзімер Іскарцаў дадаў, што ў найбліжэйшым часе Лілія Ўласава зоймецца аднаўленьнем стану здароўя.

Уласавай 67 гадоў. Яна вядомы юрыст і мэдыятар, узначальвае юрыдычную фірму «Ўласава, Міхель і партнэры». Уласаву затрымалі 31 жніўня, у той самы дзень былі праведзеныя ператрусы ў яе доме. Супраць яе завялі крымінальную справу аб ухіленьні ад сплаты падаткаў. Разам зь ёй па справе праходзіў яе сын Барыс, заснавальнік турыстычнай кампаніі «Мерлінтур».

  • Лілія Ўласава — сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады, у склад якой увайшлі таксама пісьменьніца Сьвятлана Алексіевіч, дыплямат Павал Латушка, юрыст Максім Знак, сустаршыня «Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі» Вольга Кавалькова, прадстаўнік страйкаму МТЗ Сяргей Дылеўскі, каардынатар штабу Бабарыкі і паплечніца Ціханоўскай Марыя Калесьнікава.
  • Раней пасьля 25-дзённага арышту адпусьцілі Дылеўскага — адзінага сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады апазыцыі, які да вызваленьня Ўласавай заставаўся на волі ў Беларусі. Іншыя яго калегі па КР альбо былі вымушаныя выехаць за мяжу, альбо знаходзіліся пад арыштам паводле абвінавачаньняў у закліках да зьвяржэньня ўлады. 13 кастрычніка ён выехаў у Польшчу зь меркаваньняў бясьпекі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG