Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рада адвакатаў і юрыдычных супольнасьцяў Эўропы заклікала Лукашэнку вызваліць Лілію Ўласаву


Лілія Ўласава
Лілія Ўласава

Прэзыдэнт Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасьцяў Эўропы Ранка Пэлікарыч накіраваў ліст Аляксандру Лукашэнку з просьбай вызваліць сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілію Ўласаву. Тэкст ліста распаўсюдзіла прэс-служба Рады.

Ад імя Рады адвакатаў і юрыдычных супольнасьцяў Эўропы, якая прадстаўляе 45 краін і больш чым мільён эўрапейскіх юрыстаў, Ранка Пэлікарыч «выказвае сур’ёзную занепакоенасьць фактам арышту юрыста Ліліі Ўласавай». Ён заклікае Лукашэнку спыніць які-кольвек палітычны перасьлед Ліліі Ўласавай, паколькі мяркуе, што яе затрыманьне грунтуецца на яе законнай дзейнасьці ў якасьці юрыста.

У заяве падкрэсьліваецца, што Ўласава вядомая як адна з ініцыятарак стварэньня інстытуту мэдыяцыі ў Беларусі, а яе юрыдычная кампанія Vlasova, Mikhel & Partners заснаваная ў 1990 годзе як адна зь першых прыватных юрыдычных практык у Беларусі.

«Акрамя таго, Рада просіць вас прыняць усе неабходныя меры для забесьпячэньня ўсім юрыстам Беларусі магчымасьці выконваць свае прафэсійныя абавязкі, не баючыся рэпрэсіяў, перашкодаў, запалохваньня або судовага перасьледу, з мэтай захаваць незалежнасьць і цэласнасьць сыстэмы правасудзьдзя і вяршэнства закону», — сказана ў лісьце да Лукашэнкі.

Уласаву затрымалі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю 31 жніўня. Да яе дадому прыйшлі зь ператрусам, супрацоўнікі ведамства сканфіскавалі цьвёрды дыск кампутара Ўласавай, ноўтбук яе мужа і некалькі флэшак.

Таксама ператрусы прайшлі ў офісе і кватэрах супрацоўнікаў турыстычнай фірмы «Мерлінтур». Барыс Уласаў разглядае гэтую акалічнасьць як «узяцьце бізнэсу ў закладнікі» для ціску на яго маці.

3 верасьня стала вядома, што на Ўласаву завялі крымінальную справу паводле арт. 243 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў»). Згодна са сьледзтвам, сума шкоды перавышае 600 тысяч рублёў. Санкцыі прадугледжваюць да 7 гадоў пазбаўленьня волі. У справе праходзіць таксама яе сын Барыс, заснавальнік турыстычнай кампаніі «Мерлінтур».

Лілія Ўласава — дырэктарка юрыдычнай кампаніі «Ўласава, Міхель і партнэры». Запрошана ў прэзыдыюм Каардынацыйнай рады як прафэсійная перамоўніца і мэдыятарка.

Рада стварыла пэтыцыю з патрабаваньнем вызваліць Лілію Ўласаву, пад ёю падпісаліся ўжо больш за 2 тысячы чалавек.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG