У Слуцку затрымалі карэспандэнтку «Новага Часу» Зінаіду Цімошак. Як пасьпела паведаміць рэдакцыі журналістка, яе апытваюць крыміналісты.
«Прыехалі а 9-й у вёску. Мусіць, вызначылі па тэлефоне. Не далі дапаліць у печцы. Патрабавала позву — прадэманстравалі кайданкі. Ехала на сваёй машыне, ззаду сядзела жанчына-крыміналістка», — расказала Зінаіда Цімошак прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў.
Яе затрымалі нібыта «дзеля прафіляктыкі». Таксама Зінаіда Цімошак паведаміла, што 23 кастрычніка затрымалі слуцкага актывіста Яўгена Азёрнага.
Імаверна, затрыманьні адбыліся ў сувязі з акцыяй ушанаваньня памяці ахвяраў гета ў Слуцку 21 кастрычніка, якую асьвятляла Зінаіда Цімошак.
Тады група случакоў пасьпела ўскласьці кветкі ахвярам гета, але зьявіліся міліцыянты і абвінавацілі прысутных у адміністрацыйным правапарушэньні.
Зінаіду Цімошак ня раз затрымлівалі міліцыянты, апошні раз гэта было 4 жніўня.