Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатырох з шасьці арыштаваных журналістаў перавялі ў Баранавічы

абноўлена

Чатырох з шасьці журналістаў, арыштаваных пасьля затрыманьня пераважна ў мінулыя выходныя, перавялі з ізалятару ў Менску ў Баранавічы, паведаміў БелаПАН з спасылкай на Беларускую асацыяцыю журналістаў.

Каго перавялі ў Баранавічы

  • Вадзім Заміроўскі (БелаПАН, Tut.by),
  • Усевалад Зарубін (БелаПАН, Tut.by),
  • Алесь Любянчук («Белсат»),
  • Арцём Маёраў («Беларусы і рынак»).

Хто застаўся ў Менску на Акрэсьціна

  • Алена Доўнар (фрылянсэр),
  • Дар’я Сьпявак (Onliner),

Паводле БАЖ, раніцай 22 кастрычніка ў Баранавічы выехала калёна аўтазакаў з затрыманымі. Сваякі затрыманых, якія сёньня прыйшлі зь перадачамі на Акрэсьціна, высьвятляюць, дзе яны.

Чацьвер — адзіны дзень на тыдні, калі прымаюць перадачы для арыштаваных на Акрэсьціна.

Вадзіма Заміроўскага, Усевалада Зарубіна і Дарʼю Сьпявак затрымалі 17 кастрычніка падчас асьвятленьня маршу студэнтаў у цэнтры Менску. Іх абвінавацілі ва ўдзеле ў недазволенай акцыі. Заміроўскага і Зарубіна арыштавалі на 15 дзён, Сьпявак — на 13.

Алеся Любенчука і Арцёма Маёрава затрымалі 18 кастрычніка падчас «Партызанскага маршу» ў Менску. Іх асудзілі на 15 дзён арышту.

Справы ўсіх журналістаў у Кастрычніцкім судзе разглядала Алена Жывіца.

Алену Доўнар затрымалі 26 верасьня на жаночым маршы ў Менску і арыштавалі на 15 содняў, а потым дадалі яшчэ 15.

У Берасьці суд адправіў справу супраць журналістаў на дапрацоўку

Тым часам у Берасьці суд адправіў на дапрацоўку справу журналістаў Максіма Хлябца і Рамана Чмяля. Іх затрымалі 18 кастрычніка падчас асьвятленьня пратэставай акцыі ў Берасьці, паведаміла БАЖ.

21 кастрычніка яго з ізалятара прывезьлі ў суд. Адвакат адразу заявіла хадайніцтва, каб ёй далі час азнаёміцца з справай. Судзьдзя пагадзіўся, і іх выпусьцілі з-пад варты.

22 кастрычніка судзьдзя адправіў справу на дапрацоўку.

Рэпрэсіі супраць пратэстоўцаў і журналістаў. Што важна ведаць

  • Праваабаронцы «Вясны» задакумэнтавалі больш за 500 сьведчаньняў катаваньняў.
  • Больш за 30 000 чалавек былі затрыманыя.
  • На пратэстоўцаў завялі больш за 900 крымінальных спраў.
  • Журналісты ў Беларусі адседзелі ўжо больш за 500 дзён адміністрацыйнага арышту.
  • Зафіксавана больш за 400 парушэньняў правоў журналістаў.
  • У краіне 144 палітычныя вязьні.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG