Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства інфармацыі называе новыя прычыны, чаму не разблякуе NN.by


Доступ да сайта NN.by не адновяць. У адказ на просьбу «Нашай Нівы» разблякаваць сайт міністар інфармацыі Ігар Луцкі назваў новыя прычыны для блякаваньня сайту.

У лісьце, які атрымала рэдакцыя «Нашай Нівы», Ігар Луцкі сьцьвярджае, што пад артыкуламі на сайце NN.by (які з 28 жніўня 2020 году заблякаваны рашэньнем Міністэрства інфармацыі і недаступны як для чытачоў зь Беларусі, так і для замежных карыстальнікаў) на працягу 29 верасьня — 2 кастрычніка было апублікавана шэсьць камэнтароў, якія «могуць нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь». Указваецца нік аўтара, а таксама час публікацыі.

Адметна таксама, што Ігар Луцкі пералічвае забароненыя камэнтары ў сваім загадзе № 300 ад 1 кастрычніка, у той час як адзін з гэтых камэнтароў датаваны наступным днём, 2 кастрычніка, адзначае рэдакцыя.

У папярэднім рашэньні Міністэрства інфармацыі аб блякаваньні сайта NN.by пералічваліся восем артыкулаў, «здольных нанесьці страты нацыянальным інтарэсам», а таксама «саслабіць пачуцьці патрыятызму». Усе пералічаныя артыкулы рэдакцыя «Нашай Нівы» выдаліла з сайта.

Як адзначае выданьне, «камэнтароў, пералічаных Ігарам Луцкім, на сайце таксама больш няма, таму рэдакцыя будзе зьвяртацца ў Міністэрства інфармацыі з паўторнай просьбай аб разблякаваньні».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG