Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мэр Прагі пойдзе працаваць валянтэрам у шпіталь, дзе лечаць ад каранавірусу


Мэр Прагі Здэнэк Гржыб

Мэр Прагі Здэнэк Гржыб абвясьціў, што з наступнага тыдня пойдзе працаваць валянтэрам у адзін зь мясцовых шпіталяў, дзе лечаць заражаных каранавірусам.

«З аўторка буду дапамагаць у адным з праскіх шпіталяў у якасьці валянтэра. Як і многія іншыя, я хачу працягнуць руку дапамогі ў гэты цяжкі час. Людзям у шпіталях цяпер патрэбна ўся наша падтрымка, — напісаў ён. — Я і далей буду ўдзельнічаць у сустрэчах крызіснага штабу і гарадзкой рады. Але асабліва цяпер я хачу дапамагчы і выкарыстаць сваю мэдычную кваліфікацыю. Мы ўсе ў гэтай бядзе разам».

Да таго як пайсьці ў палітыку, Гржыб скончыў мэдычны факультэт Карлавага ўнівэрсытэту са спэцыялізацыяй у радыялёгіі і прамянёвай хваробе.

За апошнія два тыдні ў Чэхіі рэзка вырасла колькасьць хворых на COVID-19. За апошнія суткі было выяўлена амаль 15 тысяч інфікаваных, амаль 4,5 тысячы зь іх шпіталізавалі. З улікам таго, што насельніцтва Чэхіі — крыху больш за 10 млн чалавек, гэта адзін з самых высокіх узроўняў распаўсюду хваробы ў ЭЗ. На ўсёй тэрыторыі Чэхіі з 22 кастрычніка ўвялі локдаўн: зачыненыя крамы, акрамя харчовых і аптэк, не працуюць школы, ВНУ і многія бізнэсы, людзям рэкамэндавана заставацца дома, на вуліцах трэба насіць маску.

У мільённай Празе, якой кіруе Гржыб, на COVID-19 хварэюць больш за 17 тысяч чалавек, і толькі за апошнія суткі да іх дадаліся амаль паўтары тысячы хворых. У горадзе ўжо разгортваюць палявы шпіталь: у ім, на дадатак да праскіх бальніц, змогуць лячыцца 500 хворых.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG