Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць жыхаркі Жодзіна, якую ўдарыў міліцыянт, пачалі адміністрацыйны працэс 


Пратэст у Жодзіне. 26 жніўня 2020 году.
Пратэст у Жодзіне. 26 жніўня 2020 году.

13 верасьня міліцыянт ударыў па твары жыхарку Жодзіна Наілю Гусакову, якая здымала на відэа яго і іншых супрацоўнікаў. Ад удару жанчына павалілася на зямлю.

У міліцыі тлумачылі, што супрацоўнік ужыў сілу «для самаабароны». Сьледчы камітэт на тры месяцы падоўжыў праверку, але тым часам на жанчыну ўжо склалі пратакол і будуць судзіць яе за ўдзел у акцыі, піша Tut.by.

Інцыдэнт адбыўся на паркоўцы ля гандлёвага цэнтру «Элегант». Наіля Гусакова стала сьведкай таго, як супрацоўнікі міліцыі спынілі машыну, якая пасыгналіла на знак салідарнасьці зь мінакамі.

Каля машыны сабраліся міліцыянты, супрацоўнікі ДАІ і кіроўца ў ярка-блакітнай куртцы. Людзі абураліся, патрабавалі адпусьціць. Наіля выскачыла наперад, каб зьняць тое, што адбываецца.

Далейшае, прызнаецца яна, стала поўнай нечаканасьцю: міліцыянт у кепцы і чорнай масцы, нацягнутай амаль да вачэй, раптам ударыў яе — ды так, што яна ўпала на зямлю. Ніхто так і не патлумачыў паводзіны афіцэра, не прынёс ёй прабачэньні.

У той жа дзень разам з адвакатам яна прыйшла ў Сьледчы камітэт, каб пакінуць заяву па факце ўжываньня сілы супрацоўнікам міліцыі. Нядаўна праверку падоўжылі на тры месяцы.

У той жа час Наіля атрымала паведамленьне, што ў дачыненьні да яе распачаты адміністрацыйны працэс паводле ч.1 арт. 23.34 КаАП (удзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве).

Што да інцыдэнту, у міліцыі рукапрыкладзтва свайго супрацоўніка сьпісалі на «самаабарону».

«Экіпаж ДАІ праводзіў разбор па факце парушэньня ПДР. Нечакана з натоўпу выйшла жанчына і накіравалася да супрацоўніка міліцыі. Наблізіўшыся, яна рэзка накіравала камэру тэлефона яму ў твар. Той выказаў здагадку, што сьледам будзе ўдар. Імгненнай рэакцыяй было прымяненьне фізычнай сілы для самаабароны», — патлумачылі ў МУС.

У ведамстве адхілілі просьбу пагаварыць пра інцыдэнт з жодзінскім маёрам міліцыі, які ўдарыў жанчыну. Там лічаць, што камэнтар і без таго «вычарпальны».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG