Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былога прэзыдэнта Францыі абвінавацілі ва ўдзеле ў злачыннай супольнасьці


Нікаля Сарказі і Муамар Кадафі, Парыж, сьнежань 2007
Нікаля Сарказі і Муамар Кадафі, Парыж, сьнежань 2007

Былому прэзыдэнту Францыі Нікаля Сарказі выставілі абвінавачаньне ва ўдзеле ў злачыннай супольнасьці ў сувязі зь меркаваным фінансаваньнем Лібіяй яго прэзыдэнцкай кампаніі ў 2007 годзе, піша газэта Le Figaro са спасылкай на заяву галоўнага фінансавага пракурора..

У 2018 году экс-прэзыдэнту ўжо выстаўлялі абвінавачаньні ў атрыманьні грошай ад лібійскага дыктатара Муамара Кадафі на фінансаваньне выбарчай кампаніі. Палітык адмаўляў віну і заявіў, што падазрэньні ў незаконным прыцягненьні сродкаў на выбары «ператварылі яго жыцьцё ў пекла».

Сарказі быў 23-м прэзыдэнтам Францыі ў 2007–2012 гадох, а да гэтага займаў розныя міністэрскія пасады ва ўрадзе Францыі. З 2004 году быў лідэрам кіроўнай на той момант кансэрватыўнай партыі «Зьвяз за народны рух», якая з 2015 году стала называцца «Рэспубліканцы».

Паводле Le Monde, так званыя лібійскія грошы дазволілі Сарказі прыйсьці да ўлады ў 2007 годзе. Сын Муамара Кадафі раней заяўляў, што перадвыбарчую кампанію Сарказі ў 2007 годзе фінансавалі ўлады Лібіі: Сарказі, паводле францускага парталу Mediapart, нібыта атрымаў ад Муамара Кадафі больш чым 50 мільёнаў эўраў.

Расьсьледаваньне гэтай справы ішло з 2013 году. У прыватнасьці, у лістападзе 2016 году пасярэднік Зіяд Такіеддын расказаў, што ў канцы 2006 — пачатку 2007 году нібыта перавёз 5 мільёнаў эўраў наяўнымі з Трыпалі ў Парыж і перадаў іх асабіста Сарказі і Клёду Геану, які пры Сарказі пэўны час быў міністрам унутраных справаў, заморскіх тэрыторыяў, мясцовага самакіраваньня і іміграцыі. Гэтыя грошы паліцыя кваліфікавала як хабар ад прадстаўнікоў замежнай дзяржавы. Новыя ўлады Лібіі раней заяўлялі, што лічаць гэтыя грошы «растратай дзяржаўнага фонду».

Муамар Кадафі прыйшоў да ўлады ў Лібіі ў 1969 годзе, узначаліўшы вайсковы пераварот супраць караля Ідрыса I. У 2011 годзе ён быў забіты ў ходзе грамадзянскай вайны. Падтрымку паўстанцам аказвала ў тым ліку і француская армія, галоўным вайскаводам якой быў прэзыдэнт Сарказі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG