Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абаронца Алены Леўчанкі рызыкуе пазбавіцца адвакацкай ліцэнзіі 


Міхаіл Кірылюк (зьлева) з бацькамі Алены Леўчанкі (справа)

Дысцыплінарная камісія Менскай абласной калегіі адвакатаў 16 кастрычніка разгледзіць пытаньне аб дысцыплінарнай адказнасьці адваката Міхаіла Кірылюка. Нагодай паслужылі яго выказваньні ў сацсетках.

Міхаіл Кірылюк абараняў баскетбалістку Алену Леўчанку, якую судзілі 30 верасьня за ўдзел у двух масавых мерапрыемствах. Юрыст таксама зьяўляецца сябрам Каардынацыйнай рады ў справе ўрэгуляваньня палітычнага крызісу ў Беларусі.

Як піша БелаПАН са спасылкай на адваката Сяргея Зікрацкага, ягонаму калегу пагражае выключэньне з адвакатуры. Напярэдадні кваліфікацыйная камісія ў адвакацкай дзейнасьці прыняла рашэньне аб пазбаўленьні ліцэнзій Аляксандра Пыльчанкі і Юліі Леванчук.

«У краіне прававы дэфолт. Многія законы не выконваюцца і ігнаруюцца. У такой сытуацыі каштоўнасьць дыплёма юрыста абясцэньваецца значна хутчэй за любы іншы дакумэнт. Адвакаты яшчэ спрабуюць нешта рабіць — трапіць у РУУС і ІЧУ да сваіх кліентаў, паказаць абсурднасьць выстаўленых абвінавачаньняў. Нас ня слухаюць, таму мы пачынаем крычаць і грукаць у зачыненыя дзьверы», — адзначыў Сяргей Зікрацкі.

Па яго словах, сёньня юрысты працуюць на свой імідж у новай Беларусі. І радок у рэзюмэ «выключаны з калегіі адвакатаў у 2020-м» будзе найлепшым доказам прафэсіяналізму і прынцыповасьці.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG