Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алене Леўчанцы прысудзілі штраф пасьля 15 сутак арышту. Яна расказала пра нялюдзкія ўмовы на Акрэсьціна. ФОТА

абноўлена

Алена Леўчанка ўдзельнічае ў судзе праз скайп
Алена Леўчанка ўдзельнічае ў судзе праз скайп

Суд Ленінскага раёна Менску прысудзіў адной з самых тытуляваных баскетбалістак Беларусі Алене Леўчанцы 810 рублёў штрафу за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі пратэсту (ч. 1, арт. 23.34 КаАП). Сёньня скончыўся яе папярэдні 15-суткавы арышт за ўдзел у іншай акцыі пратэсту.

Суд пад кіраўніцтвам Тацяны Шоцік праходзіў праз скайп. Алена Леўчанка знаходзілася ў ізалятары на Акрэсьціна. Журналістам забаранілі рабіць фота Алены да пачатку працэсу. Каля будынку суду стаяў мікрааўтобус з АМАПам за танаванымі шыбамі.

Бацькоў Алены Леўчанкі не пусьцілі да экрана кампутара, каб нават пабачыць дачку. Прэс-сакратарка суду загадала міліцыянту перагарадзіць падыход да кампутара
Бацькоў Алены Леўчанкі не пусьцілі да экрана кампутара, каб нават пабачыць дачку. Прэс-сакратарка суду загадала міліцыянту перагарадзіць падыход да кампутара

13.33 Разбор скончаны, судзьдзя пайшла прымаць рашэньне. Яго агучаць у 14.30

13.27 У пратаколе фігуруе скрыншот з суполкі спартоўцаў у інстаграме з фатаздымкам Алены Леўчанкі, якая нясе згаданы раней плякат.
Адвакат заявіў хадайніцтва аб дапрацоўцы пратаколу.

13.22 Тлумачэньне сьведкі — міліцыянта Шарапава В.В. Самога яго на судзе не было, зачыталі ягоны рапарт. «Каля 15:30 я бачыў, як група грамадзян удзельнічала ў несанкцыянаваным мерапрыемстве. Алена несла надпіс „Народ — чэмпіён“».

Адвакат заявіў хадайніцтва ідэнтыфікаваць асобу сьведкі, дадзеныя якога засакрэчаныя. Акрамя гэтага ён заўважыў несупадзеньні ў пратаколе, у выніку чаго трэба паўторна дапытаць сьведку.

13.14. Што міліцыянты напісалі ў пратаколе: 20.09 каля 15:30 каля дому на прпаспэкце Пераможцаў, 11 Леўчанка парушыла закон аб масавых мерапрыемствах, прыняла ўдзел у несанкцыянаваным вулічным шэсьці з мэтай закліку да правядзеньня новых выбараў, несла па дарозе надпіс «Народ — чэмпіён».

Алена адмовілася сьведчыць супраць сябе. Да таго ж, кажа, калі за дзень да суду ёй далі азнаёміцца з пратаколам, выклікаць адваката таксама не дазволілі.

Бацькі Алены Людміла і Сьцяпан Леўчанкі
Бацькі Алены Людміла і Сьцяпан Леўчанкі

13.10. Адвакат зноў заявіў хадайніцтва аб тым, каб Алену адпусьцілі і яна змагла быць на судзе асабіста. Да таго ж, паводле яго, суд выкарыстоўвае неліцэнзійную вэрсію праграмы Skype, таму магчымыя перабоі з сувязьзю. Акрамя гэтага, заўважыў ён, на кампутары ўсталяваная пірацкая копія апэрацыйнай сыстэмы Windows.

Судзьдзя адхіліла хадайніцтва.

12.56. Адвакат заявіў хадайніцтва аб скасаваньні меры заключэньня пад варту ў адміністрацыйнай справе і папрасіў вызваліць Леўчанку, каб яна зьявілася ў суд па позьве.

Алена скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня. Кажа, што абвастраюцца хранічныя хваробы, што пачуваецца ня вельмі добра.

«Апошнія 12 дзён я сплю не на матрасе, а на халодных мэталічных палках. Таксама сканфіскавалі пасьцельную бялізну. Два тыдні не было гарачай вады. І ўвесь гэты часу нас не вадзілі ў душ. Таксама два тыдні як адключылі зьліў у туалеце. Прагулянкі добра калі раз на тры-чатыры дні, аднойчы не выводзілі цягам пяці дзён. Уся гэтая антысанітарыя прывяла да таго, што ў мяне зьявіліся вошы. Ніхто толкам ня хоча дапамагаць зь лячэньнем. Абвастрыліся мае старыя захворваньні — хрыбетная грыжа. Мая суседка ў камэры перахварэла, невядома, ці гэта была прастуда, альбо нешта яшчэ. Усё гэта падрывае маё здароўе, нясе яму рэальную пагрозу».

Судзьдзя адхіліла хадайніцтва.

12.34. Судзьдзя ў хадайніцтве адмовіла, абвясьціла перапынак.

12.24 Адвакат Леўчанкі Андрэй Мачалаў заявіў хадайніцтва аб адводзе сакратара, бо тая, паводле яго, парушыла права на канфідэнцыйную размову паміж адвакатам і падcуднай.​

Людзі чакаюць працягу суду над Аленай Леўчанкай
Людзі чакаюць працягу суду над Аленай Леўчанкай

Сёньня раніцай сканчаўся тэрмін 15-дзённага арышту Алены Леўчанкі. Баскетбалістка ня выйшла на волю, а яе бацька Сьцяпан Леўчанка​ паведаміў каля іналятару на Акрэсьціна, дачку затрымалі яшчэ на 72 гадзіны. Прычына на той час была невядомая.

Сустрэць яе на Акрэсьціна прыйшлі некалькі дзясяткаў чалавек.

Людзі разыходзяцца пасьля паведамленьня пра тое, што Леўчанку ня выпусьцяць з Акрэсьціна
Людзі разыходзяцца пасьля паведамленьня пра тое, што Леўчанку ня выпусьцяць з Акрэсьціна

Алену Леўчанку затрымалі 30 верасьня ў Нацыянальным аэрапорце перад вылетам на плянавае лячэньне і рэабілітацыю. Спачатку яе завезьлі ў Ленінскае РУУС, а адтуль у ізалятар. Адваката да яе не дапусьцілі, спаслаўшыся на сытуацыю з каранавірусам, судзілі праз скайп.

Прафэсійная баскетбалістка, уладальніца бронзавай узнагароды чэмпіянату Эўропы, фіналістка жаночай Нацыянальнай баскетбольнай лігі была сярод першых прадстаўнікоў беларускага спорту, хто акрэсьліў сваю грамадзянскую пазыцыю. Яна публічна абурылася маштабам фальсыфікацыі вынікаў галасаваньня і садызмам сілавікоў, якія расстрэльвалі, калечылі, гвалцілі мірных пратэстоўцаў.

Акрамя Леўчанкі, арышты адбываюць наступныя спартоўцы:

  • капітан зборнай у рэгбі Марыя Шакура (10 дзён),
  • кіраўнік клюбу дзюдо Канстанцін Палей (15 дзён),
  • шматразовы чэмпіён сьвету ў тайскім боксе Юры Булат (15 дзён),
  • шматразовая чэмпіёнка Беларусі ў тайскім боксе Аляксандра Сітнікава (10 дзён).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG